§ 51.1. Хімія і сельская гаспадарка
Харчовыя дабаўкі
Якасныя, збалансаваныя па ўсіх пажыўных кампанентах кармы неабходныя для атрымання высокіх прадукцыйных паказчыкаў сельскагаспадарчых жывёл. Каб атрымаць такі корм, трэба выкарыстоўваць вялікую колькасць разнастайных кампанентаў. Асабліва цяжка збалансаваць гатовы корм па ўтрыманні вітамінаў, мінералаў і незаменных амінакіслот. Аптымальным рашэннем з’яўляецца балансаванне корму з дапамогай прэміксаў.
Прэміксы — гэта вітамінна-мінеральныя дабаўкі да камбікорму, якія ўтрымліваюць усе неабходныя для арганізма жывёл вітаміны, мікра- і макраэлементы. Акрамя біялагічна актыўных рэчываў, прэміксы ўключаюць напаўняльнік — вотруб’е, дробленае збожжа або прадукты яго перапрацоўкі, макуху, кармавыя дрожджы і да т. п. Якасны і колькасны састаў харчовых дабавак рэгулююць у залежнасці ад віду жывёл, іх пароды, узросту, мясцовай сыравіны для напаўняльніку.