§ 48. Алюміній і яго злучэнні
Злучэнні алюмінію
Аксід алюмінію Al2O3 — тыповы амфатэрны аксід, які рэагуе як з кіслотамі, так і са шчолачамі:
Утвораны ў прыродных умовах аксід алюмінію існуе ў выглядзе карунду. Па цвёрдасці ён саступае толькі алмазу (Дадатак 2). Празрыстыя афарбаваныя крышталі карунду адносяць да каштоўных камянёў — самацветаў: сапфір (Al2O3 з прымесямі тытану, ванадыю, жалеза) афарбаваны ў сіні колер, рубін (Al2O3 з прымесямі хрому і жалеза) — у чырвоны. Штучна вырашчаныя монакрышталі рубіну выкарыстоўваюць у лазерах, гадзіннікавай і ювелірнай прамысловасці.
Парашок карунду Al2O3 дзякуючы яго цвёрдасці ўжываюць пры шліфоўцы і паліраванні розных паверхняў. Цвёрды, тугаплаўкі і хімічна інертны аксід алюмінію з’яўляецца асноўным кампанентам вогнетрывалых матэрыялаў — цэглы, керамікі, фарфору.
Гідраксід алюмінію Al(ОН)3 — белы рыхлы парашок, які рэагуе і з кіслотамі, і са шчолачамі (як у растворы, так і пры сплаўленні):
Такім чынам, гідраксід алюмінію валодае амфатэрнымі ўласцівасцямі.
Пры награванні гідраксід алюмінію раскладаецца на аксід і ваду:
.
Ён можа быць атрыманы ў выглядзе студзяністападобнага асадку пры дзеянні воднага раствору аміяку на растворы солей алюмінію:
.
У лішку аміяку асадак не раствараецца. Пры выкарыстанні для яго асаджэння раствораў NaОН і KОН лішак шчолачаў можа прывесці да растварэння ўтворанага асадку Аl(ОН)3. Таму, атрымліваючы гідраксід алюмінію ў лабараторыі, да раствору солі асцярожна дадаюць раствор шчолачы (але не наадварот!).
Растваральныя солі алюмінію часткова рэагуюць з вадой з утварэннем асноўнай солі і кіслаты:
.
Па прычыне ўзаемадзеяння солей алюмінію з вадой па абменнай рэакцыі ў растворы нельга атрымаць нерастваральную соль алюмінію і слабай кіслаты (напрыклад, фтарыд, сульфід, карбанат алюмінію).
Прымяненне і біялагічная роля злучэнняў алюмінію. Гідраксід алюмінію ўжываюць у якасці асновы для абвалакальных і абязбольвальных сродкаў пры лячэнні апёкаў і страўнікава-кішэчных захворванняў. Алюмакаліевыя квасцы — крышталегідрат саставу K2SO4 · Al2(SО4)3 · 24Н2О — выкарыстоўваюць ў медыцынскай практыцы як кровааднаўляльны сродак, у касметалогіі — у саставе дэзадарантаў, у тэкстыльнай прамысловасці — для апрацоўкі тканін перад фарбаваннем, у гарбарнай — пры дубленні скуры.
Залішняе паступленне алюмінію ў арганізм чалавека можа прывесці да крохкасці касцей і парушэння памяці.