§ 47. Металы IIA-групы перыядычнай сістэмы
Агульныя звесткі пра металы IIA-групы
У табліцы 33 падсумаваны звесткі пра будову і ўласцівасці атамаў металаў IIA-групы.
Табліца 33. Характарыстыкі атамаў металаў IIA-групы
Элемент | Be | Mg | Ca | Sr | Ba | Ra |
Электронная канфігурацыя | [He]2s2 | [Ne]3s2 | [Ar]4s2 | [Kr]5s2 | [Xe]6s2 | [Rn]7s2 |
Атамны радыус, нм | 0,113 | 0,160 | 0,197 | 0,215 | 0,221 | 0,235 |
Электраадмоўнасць | 1,6 | 1,3 | 1,0 | 0,95 | 0,9 | 0,9 |
Па электроннай будове атамаў элементы IIA-групы адносяцца да s-элементаў. На знешнім электронным слоі іх атамаў знаходзяцца 2 электроны (ns2), ва ўсіх сваіх злучэннях яны праяўляюць дадатную ступень акіслення +2. Як і шчолачныя, металы IIA-групы з’яўляюцца моцнымі адноўнікамі. Атамныя радыусы элементаў IIA-групы меншыя за радыусы атамаў суседніх шчолачных металаў, а іх знешнія электроны больш трывала звязаны з ядрамі. Адпаведна, электраадмоўнасць металаў IIA-групы вышэйшая, чым у металаў IA-групы, таму яны крыху менш актыўныя (гл. табл. 32 і 33).
Як і ў шчолачных металаў IA-групы, з павелічэннем парадкавага нумара ў элементаў IIA-групы ўзрастае атамны радыус, памяншаецца электраадмоўнасць, узмацняюцца металічныя ўласцівасці і ў асноўным памяншаецца тэмпература плаўлення. Так, Tпл.(Ca) = 850 °C, Tпл. (Sr) = 777 °C, Tпл. (Ba) = 727 °C. Звярніце ўвагу, што тэмпературы плаўлення металаў IIA-групы вышэйшыя, чым у іх аналагаў IA-групы. Гэты факт абумоўлены ўмацаваннем металічнай сувязі з павелічэннем ліку электронаў на знешнім электронным слоі атамаў.
Злучэнні кальцыю і магнію распаўсюджаны ў прыродзе дастаткова шырока. Да найважнейшых з іх адносяцца магнезіт MgCО3, даламіт CaMg(CO3)2, кальцыт CaCO3, гіпс CaSO4 · 2H2O, флюарыт CaF2 і розныя сілікаты. Злучэнні іншых элементаў IIA-групы менш распаўсюджаныя. Стронцый і барый знаходзяцца ў прыродзе ў выглядзе карбанатаў і сульфатаў. Радый, з’яўляючыся радыеактыўным элементам, прысутнічае ва ўранавых рудах як прадукт распаду ўрану.
Распазнаць прысутнасць таго ці іншага металу ў злучэнні можна па афарбоўцы полымя. У прысутнасці злучэнняў кальцыю колер полымя цагляначырвоны, стронцыю і радыю — кармінава-чырвоны, барыю — жаўтавата-зялёны. Злучэнні магнію полымя не афарбоўваюць (Дадатак 3).
Металы IIA-групы, як правіла, атрымліваюць электролізам расплаву хларыдаў (§ 45, мал. 108).