§ 47. Металы IIA-групы перыядычнай сістэмы
У групе IIA перыядычнай сістэмы знаходзяцца берылій Be, магній Mg і металы, якія належаць да падгрупы шчолачназямельных металаў, кальцый Са, барый Ва, стронцый Sr, радый Ra. Сваю назву шчолачназямельныя металы атрымалі таму, што ў старажытнасці землямі называлі тугаплаўкія аксіды многіх металаў, якія выдзялялі з мінералаў і горных парод. Пры ўзаемадзеянні з вадой растваральныя «землі» ўтваралі раствор шчолачы. Менавіта да такіх растваральных аксідаў металаў IIA-групы адносяцца CaO, BaO, SrO. Be і Mg па многіх уласцівасцях падобныя да шчолачназямельных металаў, аднак іх асновы нерастваральныя, таму яны не ўваходзяць у групу шчолачаў.