§ 45.1. Атрыманне металаў электролізам водных раствораў солей
Працэсы на катодзе
Здольнасць металаў аднаўляцца на катодзе пры электролізе воднага раствору солей вызначаецца становішчам металу ў радзе актыўнасці.
Катыёны металаў у левай частцы раду актыўнасці, заканчываючы алюмініем (Li+, Na+, K+, ... Аl3+), пры электролізе не аднаўляюцца. Замест іх аднаўляецца вадарод з малекул вады:
2Н2О + 2е– = Н2↑ + 2ОН–.
Катыёны металаў, размешчаных у радзе актыўнасці правей за вадарод (Cu2+, Ag+, Hg2+, Pt2+, Au3+), пры электролізе аднаўляюцца на катодзе да металу:
Cu2+ + 2е– = Cu0;
Au3+ + 3е– = Au0.
Гэты працэс дамінуе, але калі электраліт мае моцна кіслае асяроддзе, то адначасова з іонамі металу могуць аднаўляцца іоны вадароду:
2H+ + 2е– = Н2↑.
Катыёны металаў, размешчаных у радзе актыўнасці паміж алюмініем і вадародам (Mn2+, Zn2+, Сr3+, Fe2+, ... Pb), пры электролізе аднаўляюцца на катодзе адначасова з вадародам з вады:
Ni2+ + 2e– = Ni0;
2Н2О + 2е– = Н2↑ + 2ОН–.
Пры электролізе водных раствораў солей металаў варта ўлічваць магчымасць працякання працэсаў гідролізу, які паскараецца ў выніку ўтварэння гідраксід-іонаў у электраліце паблізу катода. У выніку на паверхні катода могуць утварацца нерастваральныя асноўныя солі і асновы:
2Cu2+ + + 2ОН– → (CuOH)2SO4;
Ni2+ + 2OH– → Ni(OH)2.
Электраправоднасць электрода памяншаецца, і працэс электролізу запавольваецца або спыняецца. Адзін са спосабаў барацьбы з такой з’явай — падкісленне электралітаў.