§ 45. Агульныя спосабы атрымання металаў

Гідраметалургічныя метады

Гідраметалургія — гэта атрыманне металаў з руд, канцэнтратаў і адходаў вытворчасці з дапамогай водных раствораў пэўных рэчываў (хімічных рэагентаў).

Спачатку металы пераводзяць у растваральныя злучэнні. Потым іх аднаўляюць, выкарыстоўваючы або хімічныя рэакцыі з моцнымі адноўнікамі, або працэсы выцяснення металаў з раствораў іх солей больш актыўнымі металамі, або электрахімічнае аднаўленне з раствораў.

Напрыклад, гідраметалургічным метадам атрымліваюць медзь з раствораў яе солей з дапамогай жалеза:

CuSO4 + Fe = Cu↓ + FeSO4.

Серабро і золата аднаўляюць з раствораў солей гэтых металаў цынкам. Пакрыцці з нікелю і цынку атрымліваюць электролізам раствораў іх солей.

ul
img

Працэсы здабывання золата з абедненых руд можна апісаць наступнымі ўраўненнямі рэакцый:

4Au + 8KCN + O2 + 2H2O = 4K[Au(CN)2] + 4KOH;

2K[Au(CN)2] + Zn = K2[Zn(CN)4] + 2Au.

Прадпрыемства «Унікаштмет БДУ» перапрацоўвае розны лом i адходы, якiя ўтрымліваюць каштоўныя металы (мал. 108.1), вылучаючы растварэннем іх у сумесі з 1 аб’ёму азотнай і 3 аб’ёмаў сернай канцэнтраваных кіслот. Такую сумесь называюць «царскай гарэлкай». Растварэнне золата можна апісаць ураўненнем рэакцыі

Au + HNO3 + 3HCl = AuCl3 + NO↑ + 2H2O↑.

За 2000–2020 гады ў Дзяржфонд Рэспублікі Беларусь прадпрыемствам пастаўлена больш за 72 тоны золата, серабра, плаціны і іншых каштоўных металаў.

img
Мал. 108.1. Адпрацаваныя аўтамабільныя каталізатары, якія здаюцца ў лом для здабывання каштоўных металаў