§ 39. Кіслародзмяшчальныя злучэнні фосфару
Аксіды фосфару
Узаемадзеянне кіслароду з фосфарам прыводзіць да ўтварэння аксідаў, састаў якіх залежыць ад умоў правядзення рэакцыі.
Пры спальванні фосфару ў чыстым кіслародзе, як паказана на с. 201, атрымліваецца аксід фосфару(V) P2O5, а пры недахопе кіслароду — аксід фосфару(III) P2O3.
Белы фосфар — адно з першых дыматворных рэчываў, пры спальванні якога падчас ваенных дзеянняў утваралася дымавая заслона з часціц P2O5. Дым — дысперсная сістэма, што складаецца з цвёрдых узважаных часціц у газавым асяроддзі.
Аксід фосфару(V) лічаць самым эфектыўным асушальнікам. Прычым асушальнікам з’яўляецца і ўтвораная пры гэтым кіслата. Абыходзіцца з P2O5 варта вельмі асцярожна, бо пры кантакце са скурай аксід выклікае моцныя апёкі, адна з прычын — абязводжванне тканак.
Аксід фосфару(V) — найвышэйшы аксід фосфару, і яму адпавядае гідраксід — фосфарная (або артафосфарная) кіслата.
P2O5 — белае цвёрдае рэчыва (Tпл.= 420 °С). З’яўляецца тыповым кіслотным аксідам: рэагуе з вадой (1), асноўнымі аксідамі (2) і шчолачамі (3), шырока выкарыстоўваецца ў арганічным сінтэзе. Разгледзім асаблівасці гэтых рэакцый:
1. Канчатковым прадуктам рэакцыі аксіду фосфару(V) з вадой з’яўляецца фосфарная кіслата H3PO4:
3H2O + P2O5 = 2H3PO4.
Аксід фосфару(V) не толькі раствараецца ў вадзе, але і «прагна» паглынае пары вады з паветра, гэта значыць ён гіграскапічны, выкарыстоўваецца ў якасці асушальніку.
2. Узаемадзеянне з асноўнымі і амфатэрнымі аксідамі прыводзіць да ўтварэння солей:
3СаО + P2O5 = Са3(РО4)2;
3ZnО + P2O5 = Zn3(РО4)2.
3. Пры растварэнні P2O5 у шчолачах могуць утварацца як сярэднія, так і кіслыя солі (у залежнасці ад суадносін рэагентаў). Напрыклад, пры ўзаемадзеянні з гідраксідам натрыю могуць утварацца Na3PO4, Na2HPO4 або NaH2PO4:
P2O5 + 6NaOH = 2Na3PO4 + 3H2O;
P2O5 + 4NaOH = 2Na2HPO4 + H2O;
P2O5 + 2NaOH + H2O = 2NaH2PO4.