§ 27. Хімічныя ўласцівасці кіслот, асноў, солей у святле тэорыі электралітычнай дысацыяцыі
Тэорыя электралітычнай дысацыяцыі дае адзіны падыход да разумення працэсаў, якія працякаюць у растворах з удзелам электралітаў — кіслот, асноў, солей. Гэты падыход заснаваны на тым факце, што пасля растварэння электралітаў у вадзе атрымліваецца раствор, які ўтрымлівае катыёны і аніёны. Менавіта яны прымаюць удзел у хімічных рэакцыях.
Хімічныя рэакцыі ў растворах электралітаў — гэта рэакцыі з удзелам іонаў, якія ўтвараюцца ў выніку дысацыяцыі электралітаў.
Рэакцыі паміж іонамі ў растворах без змянення ступеней акіслення атамаў называюць рэакцыямі іоннага абмену.