§ 23. Развіццё культуры і ўмацаванне здароўя нацыі

Фізічная культура і спорт. Удасканаленне аховы здароўя ў нашай краіне непарыўна звязана з палітыкай у галіне фізічнай культуры, спорту і турызму.

Адзначаныя напрамкі цесна ўзаемазвязаны і ў сукупнасці ўтвараюць складзеную нацыянальную сістэму фізічнага выхавання. Рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі ў галіне фізічнай культуры і спорту ўскладзена ў Рэспубліцы Беларусь на Міністэрства спорту і турызму.

Асноўныя напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў галіне фізічнай культуры і спорту адлюстраваны ў законах Рэспублікі Беларусь «Аб фізічнай культуры і спорце», «Аб турызме», у Дзяржаўнай праграме развіцця фізічнай культуры і спорту ў Рэспубліцы Беларусь, у праграме па фарміраванні здаровага ладу жыцця насельніцтва і іншых дзяржаўных праграмах.

Развіццё паслуг фізічнай культуры і спорту нацэлена на далучэнне насельніцтва да рэгулярных заняткаў фізічнай культурай і спортам, захаванне ўстойлівай пазіцыі Беларусі ў ліку наймацнейшых спартыўных дзяржаў.

Расце папулярнасць заняткаў спортам, узведзены сучасныя спартыўныя аб’екты, якія з’яўляюцца даступнымі для грамадзян, дазваляюць ім бавіць свой вольны час цікава, з карысцю для здароўя. У краіне функцыянуюць Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімніх відах спорту «Раўбічы», Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі», Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі ў Ратамцы, вяслярныя каналы ў Брэсце і Заслаўі, гарналыжны комплекс-курорт «Лагойск», Рэспубліканскі гарналыжны цэнтр «Сілічы», дамашняя пляцоўка беларускага футбольнага клуба БАТЭ і нацыянальнай зборнай па футболе — «Барысаў-Арэна», Нацыянальны алімпійскі стадыён «Дынама», які пасля рэканструкцыі атрымаў вышэйшую катэгорыю па класіфікацыі УЕФА.

«Барысаў-Арэна» ўвайшла ў дзясятку лепшых стадыёнаў свету, уведзеных у строй у 2014 г. 

У краіне ладзіцца шмат спартыўных мерапрыемстваў: спаборніцтвы па хакеі «Залатая шайба» на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, па футболе — «Скураны мяч», масавыя рэспубліканскія спаборніцтвы «Спорт для ўсіх», зімняе спартыўнае свята «Мінская лыжня», фестывалі бегу і інш.

Штогод у Рэспубліцы Беларусь ладзіцца каля 80 міжнародных спартыўных мерапрыемстваў. Самымі значнымі з іх сталі чэмпіянат свету па хакеі 2014 г., юніёрскі чэмпіянат свету па біятлоне 2015 г., этапы Кубка свету па фрыстайле і мастацкай гімнастыцы, чэмпіянат свету па канькабежным спорце 2018 г., чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні 2019 г., II Еўрапейскія гульні 2019 г.

Правядзенне такога маштабнага турніру, як II Еўрапейскія гульні, стала першай падобнай спробай у гісторыі суверэннай Беларусі. Па працягласці турнір ахапіў практычна два тыдні (спецыяльна для ўдзельнікаў і гасцей спартыўнага форуму было ўведзена бязвізавае знаходжанне). Замежныя турысты змаглі не толькі падтрымаць спартсменаў сваіх стран, але і наведаць знакавыя месцы Беларусі.

Беларусь можна назваць спартыўнай краінай?

icon-task
Якія віды спорту найбольш папулярныя ў Беларусі? У якіх відах спорту ў нашай краіны найлепшыя дасягненні на міжнародных спаборніцтвах? 

Дзейнасць па развіцці фізічнай культуры і спорту, ахове здароўя, павышэнні культуры грамадства спрыяе фарміраванню здаровага ладу жыцця кожнага чалавека. Здаровы лад жыцця — гэта лад жыцця, у аснове якога ляжаць свядомыя адносіны чалавека да свайго здароўя як да каштоўнасці. Ён прадугледжвае высокую культуру харчавання, адмаўленне ад курэння і іншых шкодных звычак, рэгулярныя заняткі спортам, імкненне напоўніць свой вольны час цікавым зместам.

У нашай краіне вялікая ўвага надаецца развіццю турызму.

icon-task
Адным з пазнавальных сімвалаў Беларусі для турыстаў з’яўляецца кветка васілька. Якія яшчэ сімвалы нашай краіны вы можаце назваць (архітэктурныя аб’екты, звяры і птушкі, расліны, арнаменты, стравы нацыянальнай кухні)? Стварыце эскізы сувенірных магнітаў, прысвечаных Беларусі ў цэлым і вашаму рэгіёну (або канкрэтнаму населенаму пункту). 

Рэспубліка Беларусь — краіна, адметная непаўторнымі па прыгажосці рэкамі і азёрамі, дзіўнымі ландшафтамі, многімі цікавымі помнікамі гісторыі. Шырока развіваецца агра- і экатурызм, які забяспечвае добры адпачынак жыхарам краіны і яе гасцям.

icon-idea
На афіцыйным сайце Рэспублікі Беларусь (https://www.belarus.by) названы 5 асноўных славутых месцаў Беларусі і 5 галоўных прычын наведаць нашу краіну. Дадайце яшчэ 5 пазіцый у кожны спіс і стварыце топ-10 славутых месцаў і прычын наведаць Беларусь.