§ 23. Развіццё культуры і ўмацаванне здароўя нацыі

Палітыка ў галіне аховы здароўя. Адной з асноўных задач дзяржавы з’яўляецца захаванне здароўя сваіх грамадзян.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь утрымлівае наступныя палажэнні:

Артыкул 45. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя.

Дзяржава стварае ўмовы даступнага для ўсіх грамадзян медыцынскага абслугоўвання.

Права грамадзян Рэспублікі Беларусь на ахову здароўя забяспечваецца таксама развіццём фізічнай культуры і спорту, мерамі па аздараўленні навакольнага асяроддзя, магчымасцю карыстання аздараўленчымі ўстановамі, удасканаленнем аховы працы.

Ахова здароўя — гэта сістэма дзяржаўных, грамадскіх і медыцынскіх мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне і ўмацаванне здароўя людзей, прафілактыку і лячэнне захворванняў, а таксама сістэма спецыяльных устаноў і арганізацый, якія іх ажыццяўляюць.

Асновай сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца дзяржаўныя медыцынскія ўстановы, якія функцыянуюць на бясплатнай аснове. Аднак у краіне таксама дзейнічае сістэма недзяржаўных устаноў аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу на платнай аснове. Пэўныя платныя паслугі аказваюць таксама і дзяржаўныя медыцынскія ўстановы.

Палітыка ў галіне аховы здароўя насельніцтва мае на мэце стварэнне ўмоў, што дазваляюць кожнаму чалавеку рэалізоўваць сваё права на ахову здароўя на ўсіх этапах жыцця, для чаго прынцыпова важна захаваць бясплатнасць, даступнасць медыцынскай дапамогі і павышэнне яе якасці.

Пытаннем аховы здароўя насельніцтва займаюцца не толькі медыцынскія ўстановы і арганізацыі?

Здароўе чалавека — гэта стан поўнага фізічнага, духоўнага і псіхічнага дабрабыту, а не толькі адсутнасць хвароб і фізічных недахопаў (азначэнне Сусветнай арганізацыі аховы здароўя). Пытанне аховы здароўя насельніцтва з’яўляецца комплексным, і яго рашэннем займаюцца не толькі медыцынскія ўстановы і арганізацыі.

icon-task
Якім чынам забяспечваецца канстытуцыйнае права грамадзян на ахову здароўя ў вашым рэгіёне? 
icon-idea
Падрыхтуйце медыятэкст для электроннага партала (блога) пра развіццё аховы здароўя ў вашым рэгіёне. 

У краіне рэалізаваны і рэалізуюцца многія дзяржаўныя праграмы, у тым ліку такія як «Здароўе народа», праграма развіцця першаснай медыка-санітарнай дапамогі, праграма развіцця спецыялізаванай медыцынскай дапамогі, праграмы «Цукровы дыябет», «Туберкулёз ». Сёння сярод першачарговых мер — прадухіленне распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі, мінімізацыя наступстваў у тых, хто хварэў, іх рэабілітацыя, прафілактыка далейшых заражэнняў.

У Беларусі паслядоўна рашаецца задача вываду медыцынскага абслугоўвання на еўрапейскі ўзровень развіцця. Для гэтага ў краіне актыўна развіваецца высокатэхналагічная медыцынская дапамога: клетачныя і біямедыцынскія тэхналогіі, транспланталогія, анкалогія, кардыяхірургія. Беларускімі ўрачамі праводзяцца аперацыі па перасадцы печані і сэрца, унікальныя аперацыі на сасудах.

icon-idea
Падрыхтуйце паведамленне пра ўнікальныя аперацыі, якія праводзяцца беларускімі ўрачамі. 

Шырокую вядомасць сёння набыло выказванне пра тое, што хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць. Таму кожны чалавек павінен берагчы і ўмацоўваць сваё здароўе. Адзін з асноўных шляхоў — далучэнне да фізічнай культуры, актыўнага, здаровага ладу жыцця.