§ 23. Развіццё культуры і ўмацаванне здароўя нацыі
Палітыка дзяржавы ў галіне культуры. У сучасным свеце права на доступ да дасягненняў культуры, культурныя правы разглядаюцца як найважнейшыя правы чалавека, не менш важныя, чым палітычныя ці эканамічныя правы. Яны гарантаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым абавязкам кожнага чалавека з’яўляюцца беражлівыя адносіны да гісторыка-культурнай спадчыны.
Артыкул 51. Кожны мае права на ўдзел у культурным жыцці. Гэта права забяспечваецца агульнадаступнасцю каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культуры, якія знаходзяцца ў дзяржаўных і грамадскіх фондах, развіццём сеткі культурна-асветных устаноў.
Свабода мастацкай, навуковай, тэхнічнай творчасці і выкладання гарантуецца.
Інтэлектуальная ўласнасць ахоўваецца законам.
Дзяржава садзейнічае развіццю культуры, навуковых і тэхнічных даследаванняў на карысць агульных інтарэсаў.
Артыкул 54. Кожны абавязаны берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці.
Нацыянальная культура ўяўляе сабой сукупнасць матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей грамадства і ўключае мову, гісторыка-культурную спадчыну, традыцыі, фальклор, народныя промыслы і рамёствы, прафесійнае і самадзейнае мастацтва, мастацкую адукацыю, установы і кадры культуры, міжнацыянальныя і міждзяржаўныя культурныя сувязі. Нацыянальная культура таксама з’яўляецца гарантыяй захавання і прагрэсу, духоўнага здароўя і дабрабыту народа, яго згуртавання вакол стваральных каштоўнасцей. У нашай краіне права на развіццё сваёй культуры і мовы, на стварэнне нацыянальнай школы, прадпрыемстваў і ўстаноў культуры (тэатраў, музеяў, выдавецтваў і г. д.) гарантуецца таксама і грамадзянам іншых нацыянальнасцей і этнічных груп, што пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Галоўным органам дзяржаўнага кіравання культурай у нашай краіне з’яўляецца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Яно праводзіць дзяржаўную палітыку ў сферы культуры і каардынуе яе развіццё.
У Беларусі ў сферы культуры працуюць каля 60 тыс. чалавек, дзейнічаюць 6 тыс. дзяржаўных устаноў культуры і мастацтва. У сістэме Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь функцыянуюць 150 музеяў рознай накіраванасці. Найбуйнейшымі ў краіне зборамі твораў жывапісу валодаюць Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Віцебскі мастацкі музей, Магілёўскі абласны мастацкі музей, Полацкая мастацкая галерэя.
«Ноч музеяў» — міжнародная акцыя, прымеркаваная да Міжнароднага дня музеяў (адзначаецца 18 мая). У гэтую ноч многія музеі адчынены для наведвальнікаў пасля захаду сонца і амаль да раніцы. Асноўная мэта акцыі — паказаць магчымасці сучасных музеяў, прыцягнуць у музеі моладзь. Упершыню «Ноч музеяў» была праведзена ў Берліне ў 1997 г. Беларусь далучылася да гэтай міжнароднай акцыі ў 2004 г. З той пары колькасць музеяў, што ўдзельнічаюць у акцыі, пастаянна павялічваецца.
У Беларусі дзейнічаюць 28 прафесійных тэатраў, у тым ліку 8 тэатраў рэспубліканскага падпарадкавання. Па наведванні тэатраў на 1000 чалавек наша краіна займае на постсавецкай прасторы другое месца, саступаючы толькі Расіі.
Прымаюцца меры па развіцці беларускай кінематаграфіі. Асаблівую нішу айчынныя кінематаграфісты занялі ў дакументальным кіно і анімацыйных фільмах.
Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» — найбуйнейшы кінафорум нашай краіны. Яго адметнасць у тым, што ў праграме значацца толькі стужкі — прызёры міжнародных кінафестываляў з краін СНД, Балтыі, Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Акрамя таго, у Магілёве штогод праходзіць міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка», у Мінску — фестываль лічбавага мастацтва Terra Nova (праграма якога ўключае мастацкую выставу, а таксама відэапрагляды і канцэрты электроннай музыкі) і інш.
У нашай краіне дзейнічае больш за 70 аркестраў і ансамбляў, ладзяцца разнастайныя фестывалі і конкурсы. Усяго ў Беларусі на працягу года праводзіцца больш за 60 міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных фестываляў.
Актуальнай задачай з’яўляюцца развіццё мастацкай аматарскай і прафесійнай творчасці, адраджэнне народных промыслаў і рамёстваў. У Беларусі створана каля ста Дамоў рамёстваў.
Значныя намаганні накіраваны на захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, ажыццяўляюцца рэстаўрацыя і ўвядзенне ў культурнае абыходжанне помнікаў гісторыі і культуры, гістарычных комплексаў, запаведных тэрыторый, мемарыяльных паркаў.
Вялікая ўвага надаецца пытанням развіцця бібліятэчнай справы. Асаблівай з’явай культурнага і сацыяльна-палітычнага жыцця краіны стала завяршэнне будаўніцтва ў 2006 г. Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Яна аснашчана самым сучасным абсталяваннем для захоўвання і перадачы інфармацыі. Сёння гэта інфармацыйны і сацыякультурны цэнтр краіны. Будынак бібліятэкі з’яўляецца своеасаблівым архітэктурным сімвалам нашай сталіцы.
Сусветная спадчына ЮНЕСКА — прыродныя або створаныя чалавекам аб’екты, у дачыненні да якіх прыярытэтнымі задачамі з’яўляюцца іх захаванне і папулярызацыя дзякуючы асаблівай культурнай, гістарычнай ці экалагічнай значнасці.
У Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ўключаны чатыры аб’екты, якія знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны:
- нацыянальны парк «Белавежская пушча»;
- замкавы комплекс «Мір»;
- архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы;
- пункты геадэзічнай Дугі Струвэ.
У Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ад Беларусі ўключаны чатыры элементы:
- Будслаўскі фэст — традыцыйнае шэсце ў гонар Будслаўскага абраза Маці Божай у аграгарадку Будслаў (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.);
- Калядныя цары — традыцыйнае народнае свята ў вёсцы Семежава (Капыльскі р-н Мінскай вобл.);
- культура бортніцтва Беларусі і Польшчы — старажытны промысел, заснаваны на развядзенні і ўтрыманні лясных пчол у штучных дуплах, якія вырабляюцца і размяшчаюцца высока на дрэвах у лесе;
- Юр’еўскі карагод — традыцыйнае народнае свята ў вёсцы Пагост (Жыткавіцкі р-н Гомельскай вобл.).