§ 22. Развіццё рэгіёнаў
Перспектывы развіцця рэгіёнаў. Паспяховае развіццё рэгіёнаў прадугледжвае стварэнне спрыяльных умоў для жыцця ў малых і сярэдніх гарадскіх пасёлках і сельскіх населеных пунктах, стабілізацыю сацыяльна-эканамічнай сітуацыі і забеспячэнне ўстойлівага эканамічнага росту.
Плануецца захаваць існуючыя прадпрыемствы і стварыць умовы для размяшчэння новых вытворчасцей, арыентаваных, перш за ўсё, на мясцовыя рэсурсы, традыцыі мясцовых жыхароў і патрэбы рэгіёна; стымуляваць прадпрымальніцкую дзейнасць грамадзян, адраджаць традыцыйныя рамёствы і промыслы; шырока прыцягваць інвестыцыі, у тым ліку замежныя.
Актуальнай з’яўляецца задача па развіцці інфраструктуры гарадоў (энергетыкі, будаўніцтва, транспарту, сувязі, гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання) і сацыяльнай сферы (адукацыі, аховы здароўя, культуры, фізічнай культуры і спорту, сацыяльнага забеспячэння, турызму).
Адным з перспектыўных напрамкаў эканамічнага росту і развіцця рэгіёнаў з’яўляецца аграэкатурызм. Пад аграэкатурызмам разумеецца экалагічны від турызму, накіраваны на выкарыстанне прыродных, культурна-гістарычных і іншых рэсурсаў сельскай мясцовасці з мэтай стварэння комплекснага турыстычнага прадукту.
У 2016 і 2018 гг. Беларусь была прызнана лепшай краінай для агратурызму ў конкурсе часопіса National Geographic Traveler (Расія). У краіне налічваецца больш за дзве тысячы аграсядзіб.
Аграэкатурызм у сельскай мясцовасці падтрымлівае моладзь, якая актыўна дапамагае станаўленню і развіццю аграэкасядзіб. Сёння маладыя людзі хочуць развіваць сваю сямейную справу, бачачы ў ёй прыклад вядзення паспяховага бізнесу.