§ 22. Развіццё рэгіёнаў
Рэгіянальная палітыка. Асноўнымі задачамі развіцця рэгіёнаў з’яўляюцца забеспячэнне ўстойлівага развіцця іх тэрыторый, паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва на аснове забеспячэння эфектыўнай працы гаспадарчага комплексу, інавацыйнага развіцця і павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі.
Галоўнай мэтай рэгіянальнай палітыкі з’яўляецца раўнамернае развіццё тэрыторый для жыццезабеспячэння кожнага канкрэтнага чалавека незалежна ад месца яго пражывання. Рэгіянальная палітыка мае на ўвазе выраўноўванне ўзроўню жыцця насельніцтва і згладжванне найбольш вострых сацыяльных і эканамічных дыспрапорцый паміж асобнымі рэгіёнамі краіны. Яна ахоплівае ўсе найважнейшыя галіны вытворчасці, занятасць насельніцтва, сферу абслугоўвання, сацыяльнае забеспячэнне і інш.
Рэгіянальная палітыка — дзейнасць органаў дзяржаўнай улады па забеспячэнні аптымальнага развіцця рэгіёнаў.
Вялікая адказнасць за развіццё рэгіёна нароўні з выканаўчымі органамі ўлады ляжыць і на дэпутатах усіх узроўняў, бо яны зацвярджаюць планы сацыяльна-эканамічнага развіцця сваіх тэрыторый, фарміруюць мясцовы бюджэт.