*§ 21-1. Інавацыйнае развіццё краіны

Стартап. За апошнія дзесяцігоддзі слова стартап ужываецца як сінонім прарыву — тое, што непарыўна звязана з новымі тэхналогіямі. Само паняцце «стартап» бярэ пачатак з ЗША. У 30-я гг. XX ст. выпускнікі Стэнфардскага ўніверсітэта — Дэвід Пакард і Уільям Х’юлет — пад кіраўніцтвам свайго выкладчыка па радыётэхніцы арганізавалі маленькую кампанію, назваўшы яе Start up — пачынаць, запускаць. Яна аказалася паспяховай: прадукцыя HP абкружае нас і сёння. А выкладчык па радыётэхніцы — Фрыдэрык Эманс Тэрмін — сёння лічыцца «бацькам Крэмніевай даліны» ў ЗША.

icon-discussions
Пачынаючы з 2005 г. у Беларусі функцыянуе Парк высокіх тэхналогій (ПВТ). Выкарыстоўваючы інтэрнэт-рэсурсы, параўнайце беларускі Парк высокіх тэхналогій з замежнымі аналагамі. Што іх аб’ядноўвае і чым яны адрозніваюцца? 

У адрозненне ад звычайнага бізнесу, стартап мае інавацыйную аснову, г. зн. адкрываецца бізнес, які раней не існаваў наогул. Ідея любога стартапу заключаецца ў навізне, новым прадукце, новай тэхналогіі, у тым, чаго раней не было ў свеце. Самыя вядомыя ў гісторыі паспяховыя стартапы: Microsoft, YouТube, Google, Apple, Facebook, World of Tanks.

Не кожны стартап мае выключна камерцыйныя мэты. Ён можа быць гуманітарны, навукова-тэхнічны, інфармацыйны.

Стартапы — найважнейшы элемент эканамічнага развіцця любой краіны. Яны знаходзяцца ў ліку самых хуткіх бізнесаў, многія з якіх маюць патэнцыял вырасці ў шматмільённыя і шматмільярдныя бізнесы, так званыя юнікорны. У Беларусі пакуль няма юнікорнаў. Але шэраг сённяшніх айчынных стартапаў мае патэнцыял у будучыні стаць першым беларускім юнікорнам.

icon-task
Складзіце топ-5 паспяховых стартапаў у Рэспубліцы Беларусь. 

Каманда — гэта ключавы аспект, на які звяртаюць увагу інвестары пры прыняцці рашэння аб фінансаванні стартапу. Як правіла, інвестар аналізуе не толькі вопыт заснавальніка, яго сфакусіраванасць на стартапе, але і ўзаемадзеянне людзей на ключавых пазіцыях у камандзе, патэнцыял для яе росту і развіцця, а таксама асабістыя якасці заснавальнікаў. Каманда з 10 чалавек — гэта аптымальная колькасць людзей у стартапе ранняй стадыі, пры ўмове, што ў камандзе закрыты асноўныя кампетэнцыі: прадукт, маркетынг і распрацоўка.

icon-task
Выкарыстоўваючы прапанаваныя дыяграмы, складзіце партрэт заснавальніка беларускага стартапу. 
icon-task
Асноўным рэсурсам для стварэння новага стартапа служыць добрая наватарская ідэя. Падрыхтуйце (прыдумайце/знайдзіце/выберыце) бізнес-ідэю. Зрабіце прэзентацыю ідэі, дзе павінна быць указана: праблема, чыя праблема, як вырашаецца (чаму не вырашаецца зараз). Правядзіце SWOT-аналіз.