§ 19-20. Дынаміка складу насельніцтва і сацыяльная палітыка дзяржавы
Нацыянальная палітыка. Нацыянальны склад насельніцтва любой краіны мае важнае значэнне для яе сацыяльна-эканамічнага развіцця. Наша краіна належыць да тыпу краін з высокай этнічнай аднароднасцю. Больш за 80 % насельніцтва адносяць сябе да беларусаў, пры гэтым у краіне пражываюць прадстаўнікі 130 нацыянальнасцей. Кожны чалавек адносіць сябе да той ці іншай этнічнай групы, але ўсе разам мы — беларускі народ, беларуская нацыя, грамадзяне адной краіны.
Нацыянальная палітыка звязана з вырашэннем праблем міграцыі, дэмаграфічнай сітуацыі, сувязей з замежнымі суайчыннікамі. Любая праблема (культурная, рэлігійная, моўная, эканамічная) можа набыць нацыянальны характар, калі закранае інтарэсы якой-небудзь этнічнай супольнасці. Нацыянальная палітыка — гэта мэтанакіраваная дзейнасць дзяржаўных структур па рэгуляванні ўзаемаадносін паміж нацыямі, этнічнымі групамі.
У Рэспубліцы Беларусь створаны грамадскія аб’яднанні, якія прадстаўляюць грамадзян многіх нацыянальнасцей. Іх дзейнасць звязана з вывучэннем гісторыі і культуры сваіх народаў. Большасць нацыянальных грамадскіх аб’яднанняў выдаюць газеты, бюлетэні, часопісы. Ствараюцца культурна-асветніцкія цэнтры, калектывы народнай творчасці. Пачынаючы з 1996 г. у Гродне раз на два гады ладзяцца рэспубліканскія фестывалі нацыянальных культур. Пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь дзейнічае Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур.
Грамадзяне маюць права выбіраць мову выхавання і навучання, карыстацца роднай мовай. У Рэспубліцы Беларусь асноўнымі мовамі навучання з’яўляюцца дзяржаўныя мовы — беларуская і руская. У той жа час ва ўстановах адукацыі могуць стварацца групы, класы, у якіх навучанне ажыццяўляецца на мове нацыянальнай меншасці. У школах выхаднога дня вывучаюцца армянская, азербайджанская, грузінская, грэчаская, карэйская, латышская, літоўская, малдаўская, нямецкая, татарская, украінская, польская, яўрэйская мовы.
Беларуская дзяржава супрацоўнічае з беларускімі арганізацыямі ў розных краінах свету, падтрымлівае кантакты з беларусамі замежжа, якіх налічваецца больш за 3 млн чалавек. Наша краіна зацікаўлена ў тым, каб развіваць адносіны з людзьмі, якія любяць сваю гістарычную радзіму, вызначаюць сябе беларусамі.
У 2017 г. у час III Фестывалю мастацтваў беларусаў свету ў Мінску адкрылі памятны знак «Беларусам замежжа».
Усе грамадзяне Рэспублікі Беларусь зацікаўлены ў тым, каб у краіне былі згода, узаемапавага паміж людзьмі розных нацыянальнасцей. Мірныя міжэтнічныя адносіны ў Беларусі маюць глыбокія гістарычныя карані. Захаванне агульнай згоды, культуры міжнацыянальных зносін з’яўляецца адным з найважнейшых дасягненняў Беларусі.