§ 19-20. Дынаміка складу насельніцтва і сацыяльная палітыка дзяржавы

Гендарная палітыка. Змены, якія адбываюцца ў сацыяльнай структуры сучаснага беларускага грамадства, датычацца таксама і гендарных праблем. Паняцце «гендар» ужываецца для таго, каб падкрэсліць, што ў грамадстве значэнне маюць не толькі біялагічныя або фізічныя адрозненні паміж мужчынамі і жанчынамі, але і тое культурнае і сацыяльнае значэнне, якое грамадства надае гэтым адрозненням. Быць у грамадстве мужчынам ці жанчынай — значыць не проста валодаць тымі ці іншымі анатамічнымі асаблівасцямі, але і выконваць тыя ці іншыя прадпісаныя грамадствам гендарныя ролі. Так, традыцыйна жанчыну разглядалі як маці і захавальніцу дамашняга ачага, мужчыну — як здабытчыка, абаронцу сям’і.

icon-remember
Прыгадайце, што такое стэрэатып. Якія прыклады гендарных стэрэатыпаў вы можаце прывесці? 

Гендарныя ролі істотна адрозніваюцца ў розных грамадствах, у асобных з іх разглядаюцца як нераўнацэнныя. Становішча, калі групы мужчын і жанчын маюць розныя магчымасці ў грамадстве, апісваецца паняццем гендарная няроўнасць.

Па ўзроўні пераадолення гендарнай няроўнасці краіны адрозніваюцца адна ад адной. Так, у некаторых мусульманскіх краінах жанчыны да гэтага часу пазбаўлены права голасу і таму не могуць удзельнічаць у выбарах. Сярэдняя колькасць жанчын у парламентах ва ўсім свеце сёння ледзь перавышае 23 % (у Беларусі — 35 %).

Згодна з Індэксам гендарнай роўнасці (The Gender Equity Index) Беларусь знаходзіцца на 31-м месцы (звесткі за 2019 г.) у рэйтынгу, які вядзе Праграма развіцця ААН (ПРААН).

icon-search
Выкарыстоўваючы рэсурс ААН, вызначце месцы ў дадзеным рэйтынгу былых савецкіх рэспублік. Па якіх асноўных паказчыках Індэкс вымярае дасягненні краіны ў галіне раўнапраўнасці палоў? 

Гендарная палітыка — гэта палітыка, накіраваная на дасягненне роўнасці мужчын і жанчын, устанаўленне гендарнага балансу ва ўсіх сферах жыцця грамадства. У Беларусі сярод усіх працоўных доля жанчын складае 49,5 %, мужчын — 50,5 %.

icon-discussions
Чым можна растлумачыць перавагу жанчын у гандлі і грамадскім харчаванні, ва ўстановах культуры, у адукацыі, ахове здароўя і сацыяльным забеспячэнні? 

Да гендарных праблем у нашай краіне, як правіла, адносяць перагружанасць жанчыны дамашняй працай, яе большую ў параўнанні з мужчынамі занятасць выхаваннем дзяцей, меншую ў параўнанні з мужчынамі колькасць жанчын-кіраўнікоў і інш. Задачай гендарнай палітыкі ў нашай краіне з’яўляецца ўстанаўленне гендарнага балансу ва ўсіх сферах жыцця грамадства.