§ 19-20. Дынаміка складу насельніцтва і сацыяльная палітыка дзяржавы
Дэмаграфічная палітыка. Дэмаграфічная палітыка цесна звязана з дэмаграфіяй, якая вывучае колькасць, узрост, здароўе, смяротнасць і нараджальнасць, міграцыю насельніцтва, рассяленне гарадскога і сельскага насельніцтва, узнікненне сем’яў і іх распад, асноўныя тэндэнцыі ў развіцці народанасельніцтва і г. д. Дэмаграфія апісвае дэмаграфічныя працэсы і выяўляе адпаведныя праблемы ў жыцці грамадства.
Разуменне дынамікі сацыяльнага складу насельніцтва закладваецца ў аснову дэмаграфічнай палітыкі дзяржавы. Дэмаграфічная палітыка — гэта сістэма мер, якія ажыццяўляюцца дзяржавай у адносінах да пэўных груп грамадства з мэтай фарміравання дэмаграфічнай структуры ў адпаведнасці з яе нацыянальнымі дэмаграфічнымі інтарэсамі і гарантавання дэмаграфічнай бяспекі краіны.
Дэмаграфічная бяспека — гэта стан абароненасці грамадства і дзяржавы ад дэмаграфічных пагроз. Дэмаграфічнымі пагрозамі называюцца тыя дэмаграфічныя з’явы і тэндэнцыі, сацыяльна-эканамічныя наступствы якіх аказваюць адмоўнае ўздзеянне на развіццё краіны. З мэтай пераадолення негатыўных дэмаграфічных тэндэнцый у краіне кожныя пяць гадоў распрацоўваецца канцэпцыя дэмаграфічнай бяспекі і вызначаюцца прыярытэтныя напрамкі дэмаграфічнай палітыкі.
Ажыццяўленне комплексу мер, прадугледжаных дзяржаўнымі праграмамі дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, прывялі да пэўнага паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі ў нашай краіне. Напрыклад, па інтэгральным паказчыку дзіцячай і мацярынскай смяротнасці наша краіна зараз знаходзіцца на чацвёртым месцы ў свеце, па ўзроўні даступнасці медыцыны — на трэцім. Па Індэксе мацярынства, які штогод складаецца міжнароднай арганізацыяй Save the Children, Беларусь уваходзіць у 25 (са 179) краін, спрыяльных для нараджэння дзіцяці, і лідзіруе сярод краін — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Галоўная дэмаграфічная задача сёння — паступовае павелічэнне колькасці насельніцтва.
Адной з найважнейшых задач дэмаграфічнай палітыкі з’яўляецца зніжэнне ўзроўню смяротнасці, у тым ліку за кошт змяншэння колькасці ахвяр дарожна-транспартных здарэнняў.