§ 19-20. Дынаміка складу насельніцтва і сацыяльная палітыка дзяржавы
Сацыяльны склад насельніцтва. Апісаць канкрэтнае грамадства, зразумець асаблівасці яго развіцця, вызначыць, якія ў ім ёсць супольнасці і групы, дазваляюць такія навукі, як сацыялогія і статыстыка. Галоўнай крыніцай інфармацыі з’яўляецца спецыяльная справаздачнасць, якую вядуць практычна ўсе арганізацыі краіны — як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя. У межах статыстычнай справаздачнасці апісваецца сацыяльны склад краіны. Паняцце сацыяльны склад насельніцтва краіны па сваім змесце блізкае паняццю «сацыяльная структура грамадства». Але яно адлюстроўвае не проста наяўнасць тых ці іншых груп у грамадстве, але і іх колькасць, і тыя змены, якія ў іх адбываюцца (дынаміку). Сацыяльны склад апісваецца па такіх крытэрыях, як агульная колькасць насельніцтва, полаўзроставы склад, тэрытарыяльная канцэнтрацыя і шчыльнасць, суадносіны гарадскога і сельскага насельніцтва, этнічны і рэлігійны склад, узровень адукацыі і характар занятасці і г. д.
Вельмі важную ролю адыгрываюць перапісы насельніцтва. Перапісы ў краіне праводзяцца з пэўнымі інтэрваламі.
У нашай краіне пражывае каля 9,5 млн чалавек. Прыкладна 78 % насельніцтва Беларусі жыве ў гарадах, адпаведна 22 % — гэта сельскае насельніцтва. Па ўзроўні адукацыі насельніцтва наша краіна дасягнула значных поспехаў. Узровень пісьменнасці складае 99,7 %, колькасць людзей, якія маюць вышэйшую, сярэднюю і базавую адукацыю, складае 90 % насельніцтва. Доля людзей ва ўзросце ад 25 да 64 гадоў, якія маюць вышэйшую адукацыю, складае амаль 25 %.
Дынаміка сацыяльнай структуры сучаснага беларускага грамадства адпавядае тым тэндэнцыям, якія характэрны для развітых прамысловых дзяржаў: узрастанне долі гарадскога насельніцтва, рост адукацыйнага ўзроўню насельніцтва, узрастанне долі работнікаў кваліфікаванай працы.