Абагульненне па раздзеле «Прававая сістэма Рэспублікі Беларусь»
1. Дайце азначэнне наступным паняццям: адміністрацыйнае права, адміністрацыйнае правапарушэнне, грамадзянскае права, грамадзянская дзеяздольнасць, грамадзянская праваздольнасць, канстытуцыйнае права, крымінальнае права, пакаранне, працоўнае права, працоўны дагавор, сямейнае права.
2. Прывядзіце прыклады ўплыву матываў на ацэнку прававых паводзінаў. Чаму ў прыведзеных вамі прыкладах права лічыць важным ацаніць матыў прававых паводзінаў?
3. Растлумачце сцвярджэнне, што Канстытуцыя з’яўляецца прававым падмуркам, змяшчае зыходныя нормы-прынцыпы розных галін права. Нормы якіх артыкулаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь будуць канкрэтызаваны ў Выбарчым кодэксе, Працоўным кодэксе, Кодэксе аб шлюбе і сям’і? Прывядзіце прыклады.
4. Сістэматызуйце свае веды аб галінах права. Запоўніце табліцу.
5. Прасачыце пашырэнне правоў, абавязкаў і адказнасці ў розных галінах права па меры дасягнення чалавекам узросту: 14 гадоў, 16 гадоў, 18 гадоў.
6. Вызначце, нормы якой галіны права парушаны ў наступных выпадках: парушэнне правіл пажарнай бяспекі, выкраданне аўтамабіля, прагул на працы, пераход дарогі ў неналежным месцы, пратэрміноўка вырабу шафы майстрам-мэбельшчыкам.
7. Прывядзіце прыклады грамадзянска-прававых дагавораў. Назавіце агульныя і адметныя рысы грамадзянска-прававога дагавора, працоўнага дагавора, шлюбнага дагавора.
8. Грунтуючыся на дадзенай аб’яве, растлумачце, як вы разумееце паняцце «публічная аферта». Азнаёмцеся з палажэннямі аднаго з кодэксаў Рэспублікі Беларусь:
Артыкул 405. Аферта
1. Афертай прызнаецца адрасаваная аднаму або некалькім канкрэтным асобам прапанова, што з’яўляецца дастаткова канкрэтнай і выказвае намер асобы, якая зрабіла прапанову, лічыць, што яна заключыла дагавор з адрасатам, якім будзе прынята прапанова.
Артыкул 407. Запрашэнне рабіць аферты
1. Рэклама і іншыя прапановы, адрасаваныя няпэўнаму колу асоб, разглядаюцца як запрашэнне рабіць аферты, калі іншае прама не паказана ў прапанове.
2. Публічнай афертай прызнаецца прапанова, якая змяшчае ўсе істотныя ўмовы дагавора і з якой бачыцца воля асобы, што робіць прапанову, заключыць дагавор на названых у прапанове ўмовах з любым, хто адгукнецца.
Вызначце на падставе сваіх ведаў аб асноўных галінах права, у якім кодэксе ўтрымліваюцца дадзеныя нормы. У якіх сітуацыях вы кожны дзень сутыкаецеся з публічнай афертай? Калі вашы правы як спажыўца будуць парушаны, якім чынам вы можаце іх абараніць? (Выкарыстоўвайце Закон аб абароне правоў спажыўцоў.)
9. Ахарактарызуйце прававы механізм заключэння і скасавання шлюбу ў нашай краіне. Ці могуць сямейныя адносіны, якія ўзніклі ў Рэспубліцы Беларусь, рэгулявацца міжнароднымі дамоўленасцямі?
10. Напішыце эсэ на адну з прапанаваных тэм:
- • «Дабром трэба адказваць на дабро, а на зло трэба адказваць справядлівасцю» (Канфуцый);
- • «Закон і ўсталёўваецца затым, каб моцны-багаты не ўсё, што яму пажадаецца, рабіў» (Леў Сапега).
11. Параўнайце наступныя нормы адміністрацыйнага і крымінальнага права. Якім чынам яны ўзаемазвязаны?