*§ 18-1. Органы забеспячэння законнасці і правапарадку

Юрыдычная дапамога.

Закон «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (2011)

Артыкул 4. Прынцыпы арганізацыі адвакатуры і адвакацкай дзейнасці

Арганізацыя адвакатуры і адвакацкай дзейнасці грунтуецца на прынцыпах:

забеспячэння гарантаванага Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь права на юрыдычную дапамогу;

законнасці;

даступнасці юрыдычнай дапамогі;

незалежнасці адвакатаў пры ажыццяўленні сваёй прафесійнай дзейнасці;

адвакацкай тайны;

выкарыстання ўсіх не забароненых заканадаўствам сродкаў і спосабаў абароны правоў, свабод і інтарэсаў кліента;

забеспячэння якасці юрыдычнай дапамогі;

недапушчальнасці ўмяшання ў прафесійную дзейнасць адвакатаў з боку органаў, якія вядуць крымінальны працэс, іншых дзяржаўных органаў, іншых арганізацый і службовых асоб;

захавання Правіл прафесійнай этыкі адваката;

самакіравання і самафінансавання.

icon-task
Прааналізуйце прынцыпы, на якіх павінна базіравацца дзейнасць пракуратуры, органаў дзяржаўнай бяспекі, органаў унутраных спраў, адвакатуры, натарыята. Вылучыце сярод іх агульныя прынцыпы дзейнасці органаў забеспячэння законнасці і правапарадку і тыя прынцыпы, якія з’яўляюцца ўнікальнымі для кожнага органа. 

Артыкул 5. Асноўныя задачы адвакатуры

Асноўнымі задачамі адвакатуры з’яўляюцца:

аказанне на прафесійнай аснове юрыдычнай дапамогі кліентам з мэтай ажыццяўлення і абароны іх правоў, свабод і інтарэсаў;

удзел у прававым выхаванні грамадзян.

Артыкул 11-1. Прысяга адваката

1. У парадку і тэрміны, устаноўленыя Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў, адвакат, які ўступіў у члены тэрытарыяльнай калегіі адвакатаў, прыносіць прысягу адваката наступнага зместу:

«Я (прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое маецца)), урачыста клянуся шчыра і добрасумленна выконваць абавязкі адваката, абараняць правы, свабоды і інтарэсы кліентаў, кіруючыся Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі Рэспублікі Беларусь і Правіламі прафесійнай этыкі адваката».

2. Тэкст прысягі адваката падпісваецца адвакатам і захоўваецца ў парадку, устаноўленым Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў.

Артыкул 17. Правы адваката

1. Адвакат мае права аказваць кліентам любую юрыдычную дапамогу, у якой яны маюць патрэбу.

2. Адвакат, выступаючы ў якасці прадстаўніка або абаронцы, мае права:

прадстаўляць правы і інтарэсы кліентаў, якія звярнуліся па юрыдычную дапамогу, у судах, дзяржаўных органах, іншых арганізацыях і перад фізічнымі асобамі;

прыцягваць у сувязі з аказаннем юрыдычнай дапамогі кліенту з яго згоды перакладчыкаў, патэнтных павераных і іншых спецыялістаў;

самастойна збіраць і прадстаўляць звесткі, якія тычацца акалічнасцей справы;

запрошваць даведкі, характарыстыкі і іншыя дакументы, неабходныя ў сувязі з аказаннем юрыдычнай дапамогі, у дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, якія абавязаны ва ўстаноўленым парадку выдаваць гэтыя дакументы або іх копіі;

запрошваць са згоды кліента меркаванні спецыялістаў для рашэння пытанняў, што ўзніклі ў сувязі з аказаннем юрыдычнай дапамогі і патрабуюць спецыяльных ведаў у галіне навукі, тэхнікі, мастацтва і іншых сферах дзейнасці;

бесперашкодна і канфідэнцыйна кантактаваць сам-насам са сваім кліентам;

заяўляць хадайніцтва, падаваць ва ўстаноўленым парадку скаргі на дзеянні суда, дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, службовых асоб, якія ўшчамляюць правы, свабоды і інтарэсы кліента, а таксама правы адваката пры ажыццяўленні ім прафесійных абавязкаў;

прымяняць у сваёй прафесійнай дзейнасці тэхнічныя сродкі (камп’ютары, відэа- і гуказапісную апаратуру, фота- і кінаапаратуру, множную і іншую тэхніку) з улікам патрабаванняў, устаноўленых працэсуальным заканадаўствам;

ажыццяўляць іншыя правы, прадугледжаныя гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства.

3. Суд, дзяржаўны орган, іншая арганізацыя або службовая асоба не могуць адмовіць у прызнанні права адваката прадстаўляць правы і інтарэсы фізічнай або юрыдычнай асобы, якая звярнулася па юрыдычную дапамогу, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.

Артыкул 26. Віды юрыдычнай дапамогі, што аказваецца адвакатамі

1. Адвакаты аказваюць кліентам наступныя віды юрыдычнай дапамогі:

даюць кансультацыі і тлумачэнні па юрыдычных пытаннях;

складаюць заявы, скаргі і іншыя дакументы прававога характару;

прадстаўляюць інтарэсы кліентаў у судах, у тым ліку на стадыі выканання судовых пастаноў, а таксама ў дзяржаўных органах, іншых арганізацыях, у тым ліку іх органах кіравання, і перад фізічнымі асобамі;

удзельнічаюць у дасудовай вытворчасці і судзе па крымінальных справах у якасці абаронцы, а таксама прадстаўніка пацярпелых, грамадзянскіх істцоў, грамадзянскіх адказчыкаў;

удзельнічаюць у адміністрацыйным працэсе ў якасці абаронцы, прадстаўніка пацярпелага, іншых фізічных або юрыдычных асоб, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі адміністрацыйнага працэсу;

праводзяць прававую ацэнку дакументаў і дзейнасці;

вядуць прававую работу па забеспячэнні гаспадарчай і іншай дзейнасці;

вядуць прававую работу па пытаннях прыцягнення інвестыцый у Рэспубліку Беларусь;

здзяйсняюць ад імя і ў інтарэсах кліентаў юрыдычна значныя дзеянні ў межах паўнамоцтваў, прадастаўленых ім кліентам і заканадаўствам;

аказваюць іншыя віды юрыдычнай дапамогі.

2. Прафесійная абарона правоў і інтарэсаў кліентаў па крымінальных, грамадзянскіх справах, справах, што ўзнікаюць з гаспадарчых (эканамічных) спрэчак, і справах аб адміністрацыйных правапарушэннях у судах, органах, якія вядуць крымінальны або адміністрацыйны працэс, ажыццяўляецца толькі адвакатамі.

3. Адвакатам забаронена займацца іншай аплатнай працай (дзейнасцю), акрамя працы ў органах кіравання калегій адвакатаў і адвакацкіх утварэнняў, педагагічнай (у частцы рэалізацыі зместу адукацыйных праграм), навуковай, творчай дзейнасці, дзейнасці трацейскага суддзі, арбітра, медыятара, а таксама прымірыцеля ў прыміральнай працэдуры.

icon-remember

Вызначце асноўныя правы і паўнамоцтвы адваката. Чаму, на ваш погляд, адвакаты прыносяць прысягу?

Прыгадайце з курса грамадазнаўства за 10 клас, у якіх яшчэ прафесіях важную ролю адыгрывае прафесійная этыка. 

Закон «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці» (2004)

Артыкул 1. Натарыят у Рэспубліцы Беларусь

1. Натарыят у Рэспубліцы Беларусь закліканы забяспечваць абарону правоў і законных інтарэсаў фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў (далей, калі не ўказана іншае, — грамадзяне), і юрыдычных асоб, дзяржаўных інтарэсаў шляхам здзяйснення ад імя Рэспублікі Беларусь натарыяльных дзеянняў асобамі, указанымі ў пункце 2 гэтага артыкула.

2. Натарыят у Рэспубліцы Беларусь уключае натарыусаў, упаўнаважаных службовых асоб мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў (далей, калі не ўказана іншае, — упаўнаважаныя службовыя асобы), дыпламатычных агентаў дыпламатычных прадстаўніцтваў Рэспублікі Беларусь і консульскіх службовых асоб консульскіх устаноў Рэспублікі Беларусь (далей, калі не ўказана іншае, — службовыя асобы замежных устаноў).

Артыкул 5. Асноўныя прынцыпы натарыяльнай дзейнасці

Натарыяльная дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь грунтуецца на прынцыпах законнасці, непрадузятасці, незалежнасці, захавання натарыяльнай тайны.

Артыкул 24. Паўнамоцтвы натарыуса

1. Натарыус:

здзяйсняе натарыяльныя дзеянні;

патрабуе і атрымлівае ад дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў і натарыусаў, у тым ліку з дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў (сістэм) ва ўстаноўленым заканадаўчымі актамі парадку, звесткі і (ці) дакументы, неабходныя для здзяйснення натарыяльных дзеянняў (за выключэннем звестак і (ці) дакументаў, для выдачы якіх патрабуецца вынясенне судовай пастановы), а таксама без пісьмовай згоды фізічнай асобы наступную інфармацыю:

асноўныя персанальныя даныя фізічнай асобы пры афармленні спадчынных правоў у дачыненні да сужэнца (былога сужэнца) і спадчыннікаў памерлай асобы, прыняцці ў дэпазіт натарыуса грошай у беларускіх рублях і замежнай валюце (далей — грашовыя сродкі) і (ці) каштоўных папер;

асноўныя і дадатковыя персанальныя даныя фізічнай асобы, неабходныя для здзяйснення здзелкі, звязанай з адчужэннем маёмасці, сведчаннем дагавора аб пазыцы маёмасці, шлюбнага дагавора, іншага дагавора, які змяняе рэжым маёмасці, нажытай сямейнай парай у перыяд шлюбу, для выдачы пасведчання аб праве ўласнасці на долі ў маёмасці, нажытай мужам і жонкай у перыяд шлюбу, сведчання згоды, адмовы ў выпадку, калі натарыяльнае сведчанне згоды, адмовы прадугледжана заканадаўствам, сведчанне адмены дарэння ў выпадку, калі дарыльшчык перажыве адоранага (далей — адмена дарэння), здзяйснення выканаўчага надпісу ў дачыненні да даўжніка, устанаўлення ў дачыненні да даўжніка або патрабавальніка па выканаўчым надпісе факта правапераемнасці, змены наймення юрыдычнай асобы, змены прозвішча, уласнага імя і (ці) імя па бацьку грамадзяніна, афармлення спадчынных правоў у дачыненні да памерлай асобы, выдачы пасведчання аб пацвярджэнні паўнамоцтваў выканаўцы завяшчання (душапрыказчыка), выдачы распараджэння аб кампенсаванні выдаткаў, выкліканых смерцю спадчынадаўцы, аховай спадчыны і кіравання ёю, а таксама выдаткаў на пахаванне спадчынадаўцы;

даныя аб рэквізітах дакументаў, што пацвярджаюць асноўныя і дадатковыя персанальныя даныя фізічнай асобы, у выпадках, указаных у абзацах чацвёртым і пятым гэтага пункта;

патрабуе і атрымлівае на бязвыплатнай аснове звесткі з аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы прадстаўлення банкаўскай інфармацыі ў электронным выглядзе з захаваннем патрабаванняў заканадаўства па прадстаўленні звестак, якія складаюць банкаўскую тайну, на падставе пагаднення, заключанага Беларускай натарыяльнай палатай з Нацыянальным банкам;

складае праекты здзелак, даверанасцей, згод, адмоў, заяў і іншых натарыяльных дакументаў;

рыхтуе копіі дакументаў і выпіскі з дакументаў;

тлумачыць і кансультуе па пытаннях здзяйснення натарыяльных дзеянняў; адкладвае або прыпыняе здзяйсненне натарыяльнага дзеяння ў выпадках, указаных у пунктах 2 і 3 артыкула 61 гэтага Закона;

у выпадку, калі падставай для дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў, абмежаванняў (абцяжарванняў) правоў на яе і здзелак з ёю з’яўляюцца дакументы, якія засведчаны або выдадзены натарыусам, натарыус, які здзейсніў адпаведнае натарыяльнае дзеянне, прадстаўляе інтарэсы асоб (асобы), што звярнуліся па здзяйсненне гэтага дзеяння, у рэспубліканскай або тэрытарыяльнай арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю па пісьмовай заяве гэтых асоб (асобы);

здзяйсняе іншыя дзеянні, прадугледжаныя гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі.

2. Пры прадстаўленні інтарэсаў асоб (асобы), што звярнуліся па здзяйсненне натарыяльнага дзеяння, натарыус у парадку, устаноўленым заканадаўствам аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю, падпісвае заяву аб дзяржаўнай рэгістрацыі, падае гэту заяву і іншыя дакументы, неабходныя для здзяйснення рэгістрацыйных дзеянняў (у тым ліку копію заявы, указанай у абзацы дванаццатым пункта 1 гэтага артыкула), у рэспубліканскую або тэрытарыяльную арганізацыю па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю, атрымлівае пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі і (ці) іншыя дакументы, а таксама абскарджвае дзеянні (бяздзеянне) рэгістратара. Натарыус мае права прадстаўляць інтарэсы асоб (асобы), што звярнуліся па здзяйсненне натарыяльнага дзеяння, у рэспубліканскай або тэрытарыяльнай арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю пры здзяйсненні рэгістрацыйных дзеянняў у электроннай форме.

У выпадках, калі заканадаўствам аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю для ажыццяўлення дзяржаўнай рэгістрацыі дапускаецца прадстаўленне копій дакументаў, якія ўтрымліваюць ідэнтыфікацыйныя звесткі, вернасць копій такіх дакументаў сведчыцца натарыусам у парадку, устаноўленым Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

3. Для здзяйснення натарыяльных дзеянняў з электроннымі дакументамі, перадачы або запатрабавання звестак і (ці) дакументаў з дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў (сістэм) у электронным выглядзе натарыус выкарыстоўвае электронны лічбавы подпіс, выпрацаваны з выкарыстаннем асабістага ключа, сертыфікат адкрытага ключа якога выдадзены рэспубліканскім засведчвальным цэнтрам Дзяржаўнай сістэмы кіравання адкрытымі ключамі праверкі электроннага лічбавага подпісу Рэспублікі Беларусь.

4. Запатрабаванне і атрыманне натарыусам з дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў (сістэм) звестак і (ці) дакументаў, неабходных для здзяйснення натарыяльных дзеянняў, у электронным выглядзе ў аўтаматычным і (ці) аўтаматызаваным рэжымах ажыццяўляюцца шляхам агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы.

Запатрабаванне і атрыманне натарыусам звестак і (ці) дакументаў, неабходных для здзяйснення натарыяльных дзеянняў, з інфармацыйных рэсурсаў (сістэм) ажыццяўляюцца на бязвыплатнай аснове, калі іншае не прадугледжана гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі.

icon-discussions
Прывядзіце прыклады паўнамоцтваў натарыуса пры здзяйсненні натарыяльных дзеянняў, што тычацца розных галін права. 

Закон «Аб медыяцыі» (2013)

Артыкул 2. Сфера дзеяння гэтага Закона

1. Дадзены Закон рэгулюе адносіны, звязаныя з прымяненнем медыяцыі з мэтай урэгулявання спрэчак, што ўзнікаюць з грамадзянскіх праваадносін, у тым ліку ў сувязі з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай і іншай гаспадарчай (эканамічнай) дзейнасці, а таксама спрэчак, што ўзнікаюць з працоўных і сямейных праваадносін, калі іншае не прадугледжана заканадаўчымі актамі або не вынікае з сутнасці адпаведных адносін.

11. Прымяненне медыяцыі на ўмовах, устаноўленых гэтым Законам, дапускаецца з мэтай прымірэння сямейнай пары пры скасаванні шлюбу.

2. Медыяцыя можа быць праведзена як да звароту бакоў у суд у парадку грамадзянскага або гаспадарчага судаводства, так і пасля ўзбуджэння справаводства ў судзе. Асаблівасці правядзення медыяцыі пасля ўзбуджэння справаводства ў судзе вызначаюцца працэсуальным заканадаўствам.

Артыкул 3. Прынцыпы медыяцыі

1. Асноўнымі прынцыпамі медыяцыі з’яўляюцца:

добраахвотнасць;

добрасумленнасць, раўнапраўе і супрацоўніцтва бакоў;

непрадузятасць і незалежнасць медыятара;

канфідэнцыйнасць.

2. Медыяцыя грунтуецца на даверы, які бакі аказваюць медыятару як асобе, здольнай забяспечыць эфектыўнае вядзенне перагавораў.

Артыкул 4. Патрабаванні, што прад’яўляюцца да медыятара

1. Медыятарам можа быць фізічная асоба, якая мае вышэйшую юрыдычную або іншую вышэйшую адукацыю, прайшла падрыхтоўку ў сферы медыяцыі ў парадку, што ўстанаўліваецца Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь, або мае вопыт работы ў якасці прымірыцеля ў адпаведнасці з працэсуальным заканадаўствам, атрымала пасведчанне медыятара, выдадзенае Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь на падставе рашэння Кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях медыяцыі.

Артыкул 15. Медыятыўнае пагадненне

1. Медыятыўнае пагадненне заключаецца бакамі ў пісьмовай форме і павінна ўтрымліваць звесткі аб баках, медыятару, прадмеце спрэчкі, а таксама аб прынятых бакамі абавязацельствах, накіраваных на ўрэгуляванне спрэчкі, і тэрмінах іх выканання. Медыятыўнае пагадненне падпісваецца бакамі і медыятарам.

Паўнамоцтвы прадстаўніка боку на заключэнне медыятыўнага пагаднення павінны быць спецыяльна агавораны ў даверанасці.

2. Медыятыўнае пагадненне не павінна супярэчыць патрабаванням заканадаўства і парушаць правы трэціх асоб.

3. Медыятыўнае пагадненне падлягае выкананню на аснове прынцыпаў добраахвотнасці і добрасумленнасці бакоў. Наступствы невыканання медыятыўнага пагаднення могуць быць устаноўлены бакамі ў медыятыўным пагадненні.

4. Бакі медыятыўнага пагаднення ў выпадку яго невыканання добраахвотна маюць права звярнуцца ў суд у парадку, устаноўленым грамадзянскім працэсуальным або гаспадарчым працэсуальным заканадаўствам, па выдачу выканаўчага дакумента на прымусовае выкананне медыятыўнага пагаднення.

5. Выключаны.

6. Абарона правоў, парушаных у выніку невыканання або неналежнага выканання медыятыўнага пагаднення, ажыццяўляецца спосабамі, прадугледжанымі заканадаўчымі актамі.

icon-discussions
У якіх галінах права магчыма прымяненне медыяцыі, а ў якіх — не? Чаму?