§ 18. Органы забеспячэння законнасці і правапарадку

Юрыдычная дапамога. Права грамадзян на атрыманне юрыдычнай дапамогі зафіксавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь утрымлівае наступныя палажэнні:

Артыкул 62. Кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, у арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі. У выпадках, прадугледжаных законам, юрыдычная дапамога аказваецца за кошт дзяржаўных сродкаў.

Процідзеянне аказанню прававой дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь забараняецца.

Натарыят (ад лац. notarius — перапісчык) — гэта прававы інстытут, які займаецца засведчваннем здзелак і наданнем юрыдычнай сілы розным дакументам (дагаворы, завяшчанні, даверанасці і г. д.). Натарыят з’яўляецца органам, надзеленым паўнамоцтвамі ажыццяўляць бясспрэчную юрысдыкцыю, г. зн. рашаць толькі тыя пытанні, па якіх у бакоў не ўзнікае спрэчак. Гранічная колькасць натарыусаў устанаўліваецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Усе натарыусы з’яўляюцца членамі прафесійнага аб’яднання «Беларуская натарыяльная палата».

Натарыус здзяйсняе наступныя віды натарыяльных дзеянняў:

  • засведчвае здзелкі (у тым ліку завяшчанні);
  • засведчвае пагадненні, даверанасці;
  • выдае пасведчанні аб праве на спадчыну;
  • выдае пасведчанні аб праве ўласнасці на долю ў маёмасці, нажытай сямейнай парай у перыяд шлюбу;
  • засведчвае дакладнасць копій дакументаў і выпісак з дакументаў;
  • засведчвае сапраўднасць подпісу на дакументах;
  • засведчвае правільнасць перакладу дакументаў з адной мовы на другую;
  • прымае ў дэпазіт натарыуса грашовыя сродкі і (ці) каштоўныя паперы;
  • прымае на захоўванне дакументы;
  • іншыя натарыяльныя дзеянні, прадугледжаныя заканадаўствам.
icon-task
Прывядзіце прыклады, калі членам вашай сям’і даводзілася звяртацца па натарыяльныя паслугі. 

Адвакатура (ад лац. advocatus — закліканы) — гэта прававы інстытут, закліканы аказваць на прафесійнай аснове юрыдычную дапамогу з мэтай ажыццяўлення і абароны правоў, свабод і інтарэсаў фізічных і юрыдычных асоб.

Адвакат здзяйсняе наступныя дзеянні:

  • кансультуе і дае тлумачэнні, вусныя і пісьмовыя даведкі па юрыдычных пытаннях;
  • складае заявы, скаргі і іншыя дакументы прававога характару;
  • ажыццяўляе прадстаўніцтва ў судах, арганізацыях па грамадзянскіх справах і справах аб адміністрацыйных парушэннях;
  • ажыццяўляе прававое абслугоўванне камерцыйных аперацый, заключэнне кантрактаў, распрацоўку статутаў, дакументаў;
  • удзельнічае ў крымінальным судаводстве ў якасці абаронцы, прадстаўніка пацярпелага. 

У нашай краіне дзейнічае Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў, якая прадстаўляе інтарэсы адвакатаў ва ўзаемаадносінах з дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі, каардынуе дзейнасць тэрытарыяльных калегій адвакатаў, ажыццяўляе меры, накіраваныя на павышэнне даступнасці і якасці аказання юрыдычнай дапамогі.

Параўнальна новай з’явай у сферы юрыдычнай дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца медыяцыя. Закон аб медыяцыі быў прыняты ў 2013 г. Медыяцыя — гэта перагаворы бакоў з удзелам нейтральнай асобы з мэтай урэгулявання спрэчкі шляхам выпрацоўкі ўзаемапрымальнага для ўдзельнікаў пагаднення.

У працэсе такіх перамоў можна без звароту ў суд знайсці ўзаемавыгаднае рашэнне ў многіх канфліктах. Медыяцыя прымяняецца пры вырашэнні спрэчак, што ўзнікаюць з грамадзянскіх праваадносін, у тым ліку ў сувязі з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай і іншай гаспадарчай (эканамічнай) дзейнасці, а таксама спрэчак, што ўзнікаюць з працоўных і сямейных праваадносін; з 2021 г. можа прымяняцца ў рамках крымінальнага працэсу.