§ 18. Органы забеспячэння законнасці і правапарадку
Судовая сістэма. Сістэма судоў у Рэспубліцы Беларусь будуецца на прынцыпах тэрытарыяльнасці і спецыялізацыі. Яна складаецца з Канстытуцыйнага Суда і судоў агульнай юрысдыкцыі.
Канстытуцыйны Cуд Рэспублікі Беларусь складаецца з 12 суддзяў (шэсць назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, шэсць абіраюцца Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу; старшыня назначаецца Прэзідэнтам са згоды Савета Рэспублікі). Яго асноўная задача — ажыццяўляць кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве. Канстытуцыйны Cуд дае заключэнне аб адпаведнасці розных нарматыўных прававых актаў Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь. Калі нарматыўныя акты ці іх асобныя палажэнні прызнаны неканстытуцыйнымі, яны страчваюць сілу.
Сістэма судоў агульнай юрысдыкцыі ўключае: Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь; абласныя (Мінскі гарадскі) суды; эканамічныя суды абласцей (горада Мінска); раённыя (гарадскія) суды. Яны ажыццяўляюць правасуддзе шляхам грамадзянскага, крымінальнага, адміністрацыйнага судаводства і судаводства па эканамічных справах.
У будынках судоў часта размяшчаецца скульптурная выява багіні правасуддзя — Феміды (у старажытнагрэчаскай міфалогіі), або Юстыцыі (у старажытнарымскай міфалогіі).
Яе атрыбутамі з’яўляюцца шалі, меч і павязка на вачах.
Шалі — сімвал меры і справядлівасці. На шалях правасуддзя ўзважваюцца дабро і зло, віна і невінаватасць. Строгасць і справядлівасць правасуддзя маюць на ўвазе і дакладнае ўзважванне дзеянняў.
Меч — сімвал адплаты.
Павязка на вачах — сімвал непрадузятасці. Правасуддзе не бачыць адрозненняў паміж людзьмі, яно сляпое ў тым сэнсе, што карае толькі ў адпаведнасці з правам.
У раздзеле IV Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь зафіксаваны асноўныя палажэнні ў адносінах да ажыццяўлення правасуддзя ў нашай краіне.
Артыкул 60. Кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны.
З мэтай абароны правоў, свабод, гонару і годнасці грамадзяне ў адпаведнасці з законам маюць права спагнаць у судовым парадку як маёмасную шкоду, так і матэрыяльнае кампенсаванне маральнай шкоды.
Артыкул 110. Суддзі пры ажыццяўленні правасуддзя незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону.
Якое-небудзь умяшанне ў дзейнасць суддзяў па выкананні правасуддзя недапушчальнае і цягне адказнасць па законе.
Артыкул 113. Справы ў судах разглядаюцца калегіяльна, а ў прадугледжаных законам выпадках — аднаасобна суддзямі.
Артыкул 114. Разбор спраў ва ўсіх судах адкрыты.
Слуханне спраў у закрытым судовым пасяджэнні дапускаецца толькі ў выпадках, вызначаных законам, з выкананнем усіх правіл судаводства.
Артыкул 115. Правасуддзе ажыццяўляецца на аснове спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе.
Судовыя пастановы з’яўляюцца абавязковымі для ўсіх грамадзян і службовых асоб.
Бакі і асобы, якія ўдзельнічаюць у працэсе, маюць права на абскарджанне рашэнняў, прыгавораў і іншых судовых пастаноў.