§ 18. Органы забеспячэння законнасці і правапарадку
Сістэма органаў забеспячэння законнасці і правапарадку. Важнай умовай стабільнага функцыянавання дзяржавы з’яўляецца забеспячэнне законнасці і правапарадку. Законнасць мае на ўвазе дакладнае і няўхільнае ажыццяўленне прававых прадпісанняў усімі суб’ектамі права ў краіне. Правапарадак — гэта такі стан грамадскіх адносін, пры якім яны адпавядаюць прававым прадпісанням.
Да органаў, што забяспечваюць законнасць і правапарадак у Рэспубліцы Беларусь, належаць суды, пракуратура, органы юстыцыі (ад лац. justitia — справядлівасць, законнасць), унутраных спраў (міліцыя), дзяржаўнага кантролю, дзяржаўнай бяспекі, мытныя органы. Найважнейшая роля ў выкананні праваахоўнай функцыі ў дзяржаве належыць таксама падраздзяленням Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Аператыўна-аналітычнаму цэнтру пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Аказанне юрыдычнай дапамогі насельніцтву ўскладаецца на адвакатуру, натарыят і іншыя органы юстыцыі.