§ 17. Асновы крымінальнага права
Паняцце крымінальнага права. У даўніну першыя помнікі права Беларусі аперыравалі тэрмінам «галоўніцтва». Напрыклад, у Статутах ВКЛ забойца лічыўся галоўнікам і зведваў пакаранне сваёй галавой (жыццём) або іншае вельмі суровае пакаранне. Галоўніцтва (галаўшчызна) як пакаранне часта прымянялася за здзейсненыя злачынствы ў выглядзе грашовых выплат, спагнанняў, кампенсацый. Так пачынала фарміравацца першая сістэма крымінальна-прававых норм на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Крымінальнае права — гэта галіна права, якая ўяўляе сабой сукупнасць прававых норм, што вызначаюць найбольш небяспечныя для ўсталяванай сістэмы грамадскіх адносін учынкі — злачынствы і ўстанаўліваюць за іх пакаранні або іншыя меры крымінальнай адказнасці. Нормы крымінальнага права абараняюць ад злачынных замахаў мір і бяспеку грамадства, чалавека, яго правы і свабоды, уласнасць, правы юрыдычных асоб, прыроднае асяроддзе, грамадскія і дзяржаўныя інтарэсы, канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь, а таксама ўстаноўлены ў дзяржаве правапарадак.
Поўны пералік відаў злачынстваў і пакаранняў за іх утрымліваецца ў Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь (КК). Яго асноўнай функцыяй з’яўляецца ахоўная. КК выконвае і іншыя функцыі: рэгулятыўную, папераджальную і выхаваўчую.
Злачынства з’яўляецца самым небяспечным правапарушэннем. Яно вызначаецца як здзейсненае вінавата (наўмысна ці па неасцярожнасці) і супрацьпраўна грамадска небяспечнае дзеянне (дзеянне ці бяздзеянне), якое забаронена законам пад пагрозай пакарання. Сукупнасць аб’ектыўных і суб’ектыўных прымет злачынства пэўнага віду называецца саставам злачынства (лац. — corpus delicti). Злачынствы падзяляюцца на злачынствы, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, менш цяжкія, цяжкія і асабліва цяжкія.