*§ 16-1. Асновы адміністрацыйнага права
Паняцце адміністрацыйнага права.
Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (2021)
АГУЛЬНАЯ ЧАСТКА
Артыкул 1.2. Задачы і прынцыпы Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях
1. Задачамі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях з’яўляюцца абарона жыцця, здароўя, правоў, свабод і законных інтарэсаў фізічных асоб, інтарэсаў грамадства і дзяржавы, правоў і законных інтарэсаў юрыдычных асоб (далей, калі не ўстаноўлена іншае, — інтарэсы, якія абараняюцца), а таксама папярэджанне адміністрацыйных правапарушэнняў.
2. Суд, органы, якія вядуць адміністрацыйны працэс, рэалізуюць у межах сваёй кампетэнцыі мерапрыемствы, накіраваныя на:
1) папярэджанне (прафілактыку) адміністрацыйных правапарушэнняў, у тым ліку выяўленне і ліквідацыя прычын і ўмоў, якія спрыяюць здзяйсненню адміністрацыйных правапарушэнняў;
2) павышэнне правасвядомасці і прававой культуры фізічных асоб, іх выхаванне ў духу выканання гэтага Кодэкса і іншых актаў заканадаўства, міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь і іншых міжнародна-прававых актаў, якія ўтрымліваюць абавязацельствы Рэспублікі Беларусь, павагі нацыянальных традыцый, сацыяльных і культурных каштоўнасцей беларускага народа, правоў і свабод іншых асоб.
3. Гэты Кодэкс грунтуецца на прынцыпах законнасці, справядлівасці, гуманізму, роўнасці перад законам, а таксама вінаватай адказнасці фізічных асоб.
Артыкул 1.3. Прынцып законнасці
1. Прыцягненне фізічных і юрыдычных асоб да адміністрацыйнай адказнасці і вызваленне іх ад адміністрацыйнай адказнасці, накладанне на іх адміністрацыйных спагнанняў, прымяненне ў дачыненні да іх прафілактычнх мер уздзеяння ажыццяўляюцца не інакш як па пастанове (за выключэннем вуснай заўвагі) суда, органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, і на аснове палажэнняў гэтага Кодэкса.
2. Палажэнні гэтага Кодэкса не падлягаюць пашыральнаму тлумачэнню. Іх прымяненне па аналогіі не дапускаецца.
Артыкул 1.4. Прынцып справядлівасці
1. Адміністрацыйная адказнасць павінна быць справядлівай. Адміністрацыйныя спагнанні, прафілактычныя меры ўздзеяння павінны ўстанаўлівацца і прымяняцца з улікам характару і шкодных наступстваў здзейсненага адміністрацыйнага правапарушэння, а таксама акалічнасцей яго здзяйснення. Ніхто не можа быць двойчы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за адно і тое ж адміністрацыйнае правапарушэнне.
2. Адміністрацыйнае спагнанне можа накладацца пры адсутнасці дастатковых падстаў прымянення прафілактычных мер уздзеяння і павінна быць сувымерным цяжкасці здзейсненага адміністрацыйнага правапарушэння і адпавядаць мэце яго накладання.
3. Фізічнай асобе, якая здзейсніла адміністрацыйнае правапарушэнне, павінна быць прызначана адміністрацыйнае спагнанне (прыменена прафілактычная мера ўздзеяння), неабходнае і дастатковае для яе выхавання.
4. Адміністрацыйная адказнасць юрыдычнай асобы можа наступаць у выпадках, прадугледжаных гэтым Кодэксам, калі адказнасць вінаватага работніка дадзенай юрыдычнай асобы, зыходзячы з задач і прынцыпаў гэтага Кодэкса, недастатковая з-за прычынення адміністрацыйным правапарушэннем значнай шкоды інтарэсам, якія абараняюцца. З гэтай мэтай дадзены Кодэкс вызначае адпаведныя падставы і ўмовы адміністрацыйнай адказнасці юрыдычнай асобы.
5. Адміністрацыйнае спагнанне, што накладаецца на юрыдычную асобу і індывідуальнага прадпрымальніка, не мае на мэце прывядзенне да эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва), прычыненне шкоды іх дзелавой рэпутацыі.
Артыкул 1.5. Прынцып гуманізму
1. Адміністрацыйная адказнасць павінна быць гуманнай. Накладанне адміністрацыйнага спагнання на фізічную асобу, якая здзейсніла адміністрацыйнае правапарушэнне, не мае на мэце прыніжэнне яго чалавечай годнасці, прычыненне яму фізічных або маральных пакут.
2. Адміністрацыйныя спагнанні, а таксама прафілактычныя меры ўздзеяння, якія прымяняюцца ў дачыненні да непаўналетніх, не павінны прычыняць шкоду іх здароўю і інтэлектуальнаму развіццю.
Артыкул 1.6. Прынцып роўнасці перад законам
1. Фізічныя асобы, якія здзейснілі адміністрацыйныя правапарушэнні, роўныя перад законам і падлягаюць адміністрацыйнай адказнасці незалежна ад іх полу, расы, нацыянальнасці, мовы, паходжання, грамадзянства, маёмаснага і службовага становішча, месца жыхарства або месца знаходжання, перакананняў, стаўлення да рэлігіі, прыналежнасці да грамадскіх аб’яднанняў, а таксама ад іншых акалічнасцей.
2. Юрыдычныя асобы пры прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці роўныя перад законам і падлягаюць адміністрацыйнай адказнасці незалежна ад формы ўласнасці, месца знаходжання, арганізацыйна-прававой формы, падпарадкаванасці і іншых акалічнасцей, абумоўленых асаблівасцямі іх стварэння і дзейнасцю, якая ажыццяўляецца.
Артыкул 1.7. Прынцып вінаватай адказнасці фізічнай асобы
Фізічная асоба падлягае адміністрацыйнай адказнасці толькі за тыя адміністрацыйныя правапарушэнні, у дачыненні да якіх устаноўлена яго віна.
Вызначце асноўныя прынцыпы, на якіх грунтуецца Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, і запоўніце табліцу.
Прынцып | Змест прынцыпу |
---|---|