*§ 15-1. Асновы працоўнага права

Бакі працоўнага дагавора.

Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь (1999)

Артыкул 150. Паняцце адпачынку. Віды адпачынкаў

Пад адпачынкам разумеецца вызваленне ад працы па працоўным дагаворы на пэўны перыяд для адпачынку і іншых сацыяльных мэт з захаваннем ранейшай працы і сярэдняга заробку ў выпадках, прадугледжаных гэтым Кодэксам.

Работнікам прадастаўляюцца наступныя віды адпачынкаў:

1) Працоўныя адпачынкі:

асноўны адпачынак;

дадатковыя адпачынкі;

2) сацыяльныя адпачынкі:

па цяжарнасці і родах;

па доглядзе дзяцей;

у сувязі з атрыманнем адукацыі;

у сувязі з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС;

па ўважлівых прычынах асабістага і сямейнага характару.

Артыкул 151. Вылічэнне працягласці адпачынкаў

Працягласць адпачынкаў работнікаў вылічваецца ў каляндарных днях.

Дзяржаўныя святы і святочныя дні (частка першая артыкула 147), якія прыпадаюць на перыяд працоўнага адпачынку, у лік каляндарных дзён адпачынку не ўключаюцца і не аплачваюцца.

Артыкул 155. Працягласць асноўнага адпачынку

Працягласць асноўнага адпачынку не можа быць меншай за 24 каляндарныя дні.

Пералік арганізацый і пасад служачых, а таксама катэгорый работнікаў з працягласцю асноўнага адпачынку, большай за 24 каляндарныя дні, умовы прадастаўлення і канкрэтная працягласць гэтага адпачынку ўстанаўліваюцца Урадам Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Працягласць асноўнага адпачынку абавязковая для ўсіх наймальнікаў.

Артыкул 161. Замена адпачынку грашовай кампенсацыяй

Частка працоўнага адпачынку (асноўнага і дадатковага), якая перавышае 21 каляндарны дзень, па пагадненні паміж работнікам і наймальнікам можа быць заменена грашовай кампенсацыяй.

Пры падзеле працоўнага адпачынку на часткі па пагадненні бакоў адна з частак працоўнага адпачынку або пэўная колькасць дзён з гэтай часткі могуць быць заменены грашовай кампенсацыяй пры ўмове выкарыстання работнікам за бягучы працоўны год працоўнага адпачынку агульнай працягласцю не меншай за 21 каляндарны дзень.

Замена грашовай кампенсацыяй адпачынкаў, што прадастаўляюцца авансам, адпачынкаў, што прадастаўляюцца цяжарным жанчынам, работнікам, прызнаным інвалідамі, работнікам, маладзейшым за васямнаццаць гадоў, і работнікам за працу ў зонах радыеактыўнага забруджвання, а таксама дадатковых адпачынкаў за працу са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы і за асаблівы характар працы не дапускаецца.

Артыкул 174. Падзел працоўнага адпачынку на часткі. Адкліканне з адпачынку

Па дамоўленасці паміж работнікам і наймальнікам працоўны адпачынак можа быць падзелены на дзве часткі, калі іншае не прадугледжана калектыўным дагаворам, пагадненнем. Пры гэтым адна частка павінна быць не меншай за 14 каляндарных дзён.

Працоўны адпачынак можа быць перапынены па прапанове наймальніка і са згоды работніка (адкліканне з адпачынку).

Не выкарыстаная ў сувязі з гэтым частка адпачынку па дамоўленасці паміж работнікам і наймальнікам прадастаўляецца на працягу бягучага рабочага года ці па жаданні работніка далучаецца да адпачынку за наступны працоўны год або кампенсуецца ў грашовай форме. Пры гэтым грашовая кампенсацыя за не выкарыстаную ў сувязі з адкліканнем частку адпачынку дапускаецца пры ўмове выкарыстання работнікам у бягучым працоўным годзе не менш за 14 каляндарных дзён працоўнага адпачынку.

Калектыўным дагаворам могуць вызначацца акалічнасці, пры наяўнасці якіх дапускаецца адкліканне з адпачынку.

Не дапускаецца адкліканне з адпачынку работнікаў, маладзейшых за васямнаццаць гадоў, работнікаў, якія маюць права на дадатковыя адпачынкі за працу са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы і за асаблівы характар працы.

Артыкул 175. Захаванне сярэдняга заробку за час працоўнага адпачынку

За час працоўнага адпачынку за работнікам захоўваецца сярэдні заробак, які вылічваецца ў парадку, устаноўленым Урадам Рэспублікі Беларусь або ўпаўнаважаным ім органам.

icon-task

Вызначце, якія аспекты адпачынку закранаюць прыведзеныя нормы. 

НормаУ дачыненні да чаго прымяняецца
14 каляндарных дзён  
21 каляндарны дзень  
24 каляндарныя дні  
icon-task

Рашыце задачу. Адказ запоўніце ў выглядзе табліцы.

Алена і Андрэй ідуць у адпачынак з 15 чэрвеня. Вядома, што Алена будзе браць свой адпачынак цалкам, а працягласць яе адпачынку складае мінімум, устаноўлены заканадаўствам. Працягласць адпачынку Андрэя складае 26 каляндарных дзён, але ён вырашыў знаходзіцца ў адпачынку толькі абавязкова вызначаны па заканадаўстве час, а за астатнія дні ўзяць грашовую кампенсацыю. У які дзень выйдзе на працу Алена, а ў які – Андрэй? Улічвайце, што, згодна з Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь, дзяржаўныя святы і святочныя дні (абвешчаныя непрацоўнымі днямі), якія прыпадаюць на перыяд працоўнага адпачынку, у лік каляндарных дзён адпачынку не ўключаюцца. Калі ў перыяд адпачынку сустракаецца такі дзень, то пры падліку дзён адпачынку дадаецца яшчэ адзін дзень. 

 Першы дзень адпачынкуКолькі дзён будзе ў адпачынкуАпошні дзень адпачынкуПершы дзень працы пасля адпачынку
Алена 15 чэрвеня      
Андрэй 15 чэрвеня      

Артыкул 279. Аплата працы работнікаў, маладзейшых за васямнаццаць гадоў, пры скарочанай працягласці штодзённай працы

Аплата працы работнікаў, маладзейшых за васямнаццаць гадоў, пры скарочанай працягласці штодзённай працы праводзіцца ў такім жа памеры, як аплата працы работнікаў адпаведных катэгорый пры поўнай працягласці штодзённай працы.

Праца работнікаў, маладзейшых за васямнаццаць гадоў, дапушчаных да здзельных работ, аплачваецца па здзельных расцэнках, устаноўленых для дарослых работнікаў, з даплатай па тарыфнай стаўцы (тарыфным акладзе), акладзе за час, на які працягласць іх штодзённай працы скарачаецца ў параўнанні з працягласцю штодзённай працы дарослых работнікаў.

Аплата працы навучэнцаў, якія атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю, спецыяльную адукацыю на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, прафесійна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную адукацыю, якія працуюць у вольны ад вучобы час, праводзіцца прапарцыянальна адпрацаванаму часу або ў залежнасці ад выпрацоўкі. Наймальнікамі могуць устанаўлівацца навучэнцам даплаты да заработнай платы.

icon-task
Вызначце асаблівасці аплаты працы непаўналетніх, якія працуюць на пастаяннай аснове, і тых, якія працуюць у вольны ад вучобы час.