§ 15. Асновы працоўнага права
Спыненне працоўнага дагавора. Спыненне працоўнага дагавора магчыма толькі на падставах, прадугледжаных заканадаўчымі актамі: пагадненне бакоў; заканчэнне тэрміну дзеяння тэрміновага працоўнага дагавора; ініцыятыва работніка ці наймальніка; акалічнасці, якія не залежаць ад волі бакоў і інш.
Работнік, які заключыў працоўны дагавор на няпэўны тэрмін, мае права скасаваць яго па жаданні, папярэдзіўшы пра гэта наймальніка пісьмова за адзін месяц. Па пагадненні бакоў працоўны дагавор можа быць скасаваны да заканчэння тэрміну папярэджання. Работнік мае права да заканчэння тэрміну папярэджання пісьмова адклікаць сваю заяву, акрамя выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам.
Тэрміновы працоўны дагавор (у тым ліку кантракт) можа быць спынены работнікам толькі пры наяўнасці наступных прычын: хваробы ці інваліднасці; парушэння наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага і працоўнага дагавора; паступлення на ваенную службу па кантракце і іншых уважлівых прычын, што перашкаджаюць выкананню работы па працоўным дагаворы.
Спыненне працоўнага дагавора афармляецца загадам наймальніка, што з’яўляецца падставай для разліку з работнікам і занясення запісу ў працоўную кніжку, якая выдаецца работніку ў дзень звальнення.