*§ 11-12-1. Канстытуцыйнае і выбарчае права

Рэферэндумы ў Рэспубліцы Беларусь

Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь (2000)

Артыкул 111. Паняцце, віды і мэта рэферэндуму

Рэферэндум з’яўляецца спосабам прыняцця грамадзянамі Рэспублікі Беларусь рашэнняў па найважнейшых пытаннях дзяржаўнага і грамадскага жыцця.

У Рэспубліцы Беларусь могуць праводзіцца рэспубліканскія і мясцовыя рэферэндумы.

Артыкул 112. Пытанні, якія выносяцца на рэферэндум

На рэспубліканскі рэферэндум могуць выносіцца найважнейшыя пытанні дзяржаўнага грамадскага жыцця Рэспублікі Беларусь.

На мясцовы рэферэндум могуць выносіцца пытанні, якія маюць найважнейшае значэнне для насельніцтва адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак і аднесены да кампетэнцыі адпаведных мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў.

На рэспубліканскі рэферэндум не могуць выносіцца пытанні:

якія могуць выклікаць парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь;

звязаныя з абраннем і вызваленнем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, назначэннем (абраннем, вызваленнем) службовых асоб, назначэнне (абранне, вызваленне) якіх адносіцца да кампетэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;

аб прыняцці і змяненні бюджэту, устанаўленні, змяненні і скасаванні падаткаў, збораў (пошлін);

аб амністыі, аб памілаванні.

На мясцовы рэферэндум не выносяцца пытанні, пералічаныя ў частцы трэцяй дадзенага артыкула, пытанні, якія маюць значэнне для Рэспублікі Беларусь у цэлым, пытанні, урэгуляваныя заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, а таксама пытанні, якія звязаны з назначэннем на пасаду, зацвярджэннем на пасаду ці вызваленнем ад пасады, адносяцца да кампетэнцыі мясцовага выканаўчага і распарадчага органа або яго кіраўніка.

Артыкул 113. Права ініцыятывы на правядзенне рэспубліканскага рэферэндуму

Права ініцыятывы на правядзенне рэспубліканскага рэферэндуму належыць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Палаце прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі, грамадзянам Рэспублікі Беларусь.

Ініцыятыва Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі на правядзенне рэспубліканскага рэферэндуму выражаецца ў выглядзе прапановы, якая прымаецца на іх раздзельных пасяджэннях большасцю галасоў ад поўнага складу кожнай з палат, і ўносіцца Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь.

Ініцыятыва грамадзян на правядзенне рэспубліканскага рэферэндуму выражаецца ў выглядзе прапановы, унесенай не менш як 450 тысячамі грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, у тым ліку не менш як 30 тысячамі грамадзян ад кожнай з абласцей і горада Мінска.

Артыкул 117. Рашэнне аб назначэнні рэспубліканскага рэферэндуму

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь прызначае рэспубліканскі рэферэндум па ўласнай ініцыятыве або ў двухмесячны тэрмін пасля ўнясення на яго разгляд у адпаведнасці з дадзеным Кодэксам прапаноў палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь або грамадзян.

Ва ўказе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб прызначэнні рэферэндуму, як правіла, прадугледжваюцца:

дата правядзення рэферэндуму;

юрыдычная сіла рашэння, прынятага рэферэндумам;

фармулёўка вынесенага на рэферэндум пытання (пытанняў);

іншыя арганізацыйныя мерапрыемствы па забеспячэнні правядзення рэферэндуму.

Калі на рэферэндум выносіцца законапраект, то ён прыкладаецца да ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб прызначэнні рэферэндуму.

Дата правядзення рэферэндуму вызначаецца не пазней як за тры месяцы з дня выдання ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб прызначэнні рэферэндуму…

Артыкул 121. Падвядзенне вынікаў рэферэндуму

…Лічыцца, што рэферэндум адбыўся, калі ў галасаванні прыняло ўдзел больш за палову грамадзян, унесеных у спісы грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у рэферэндуме. Рашэнне лічыцца прынятым рэферэндумам, калі за яго ў цэлым па Рэспубліцы Беларусь прагаласавала больш за палову грамадзян, што прынялі ўдзел у галасаванні.

Рашэнне аб прыняцці, змяненні і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала большасць грамадзян, унесеных у спісы для галасавання…

Артыкул 124. Юрыдычная сіла рашэння, прынятага рэферэндумам

Юрыдычная сіла рашэння, прынятага рэферэндумам, вызначаецца ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб прызначэнні рэферэндуму.

Рашэнні, прынятыя рэферэндумам, могуць быць скасаваны або зменены толькі шляхам рэферэндуму, калі іншае не будзе вызначана рэферэндумам.

Калі для выканання рашэння, прынятага рэферэндумам, патрабуецца выданне якога-небудзь прававога акта, ён павінен быць прыняты на працягу пяці месяцаў з дня ўступлення ў сілу рашэння, прынятага рэферэндумам.

Артыкул 126. Права ініцыятывы на правядзенне мясцовага рэферэндуму

Права ініцыятывы на правядзенне мясцовага рэферэндуму належыць мясцовым прадстаўнічым органам і грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі адпаведных вобласці, раёна, горада, раёна ў горадзе, пасёлка, сельсавета. Ініцыятыва грамадзян выражаецца ў выглядзе прапановы, унесенай не менш як 10 працэнтамі грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі.

icon-task

Запоўніце табліцу. 

 Рэспубліканскі рэферэндумМясцовы рэферэндум
Ініцыятыва правядзення можа ісці ад    
Прызначаецца (якім органам)    
Пытанні, якія могуць выносіцца    
Пытанні, якія не могуць выносіцца    
icon-task

Абапіраючыся на нормы Выбарчага кодэкса аб правядзенні рэферэндуму, прааналізуйце сітуацыі, прапанаваныя ў табліцы (звярніце ўвагу на тое, што ў шэрагу выпадкаў працэнты неабходна перавесці ў абсалютныя лікі), і выберыце правільныя варыянты адказу. 

 Агульная колькасць выбаршчыкаўНа рэферэндум з’явіласяКолькасць тых, хто прагаласаваў «за» (падтрымаў пытанне рэферэндуму)Колькасць тых, хто прагаласаваў «супраць»
Сітуацыя 1 1000 выбаршчыкаў 80 % выбаршчыкаў 60 % ад выбаршчыкаў, што з’явіліся 40 % ад выбаршчыкаў, што з’явіліся
Сітуацыя 2 700 выбаршчыкаў 500 выбаршчыкаў 400 выбаршчыкаў 100 выбаршчыкаў
Сітуацыя 3 450 выбаршчыкаў 220 выбаршчыкаў 90 % ад выбаршчыкаў, што з’явіліся 10 % ад выбаршчыкаў, што з’явіліся
Сітуацыя 4 600 выбаршчыкаў 450 выбаршчыкаў 280 выбаршчыкаў 170 выбаршчыкаў
Сітуацыя 5 1000 выбаршчыкаў 60 % выбаршчыкаў 85 % ад выбаршчыкаў, што з’явіліся 15 % ад выбаршчыкаў, што з’явіліся
Сітуацыя 6 500 выбаршчыкаў 270 выбаршчыкаў 125 выбаршчыкаў 145 выбаршчыкаў

Варыянты адказу (адна літара можа падыходзіць да некалькіх сітуацый):

  • а) рэферэндум не адбыўся;
  • б) рэферэндум адбыўся, вынесенае на галасаванне пытанне можна лічыць адобраным, толькі калі размова ідзе пра заканадаўчы рэферэндум. Калі рэферэндум канстытуцыйны — для адабрэння пытання не хапае галасоў;
  • в) рэферэндум адбыўся, вынесенае на галасаванне пытанне можна лічыць адобраным, якім бы ні быў рэферэндум — заканадаўчым або канстытуцыйным;
  • г) рэферэндум адбыўся, вынесенае на галасаванне пытанне не адобрана.