§ 11-12. Канстытуцыйнае і выбарчае права
Выбарчая сістэма ў Рэспубліцы Беларусь. Выбарчую сістэму можна разглядаць у шырокім сэнсе — як працэдуру фарміравання прадстаўнічых органаў улады, а таксама ў вузкім сэнсе — як спосаб размеркавання мандатаў паміж кандыдатамі, гэта значыць, спосаб падвядзення вынікаў выбараў. Пры вузкім разуменні вылучаюць такія віды выбарчых сістэм, як мажарытарная, прапарцыянальная і змешаная сістэмы.
У Рэспубліцы Беларусь прымяняецца мажарытарная сістэма адноснай і абсалютнай большасці.
Для ўдзелу ў выбарчых адносінах неабходна валодаць выбарчым правам, гэта значыць, мець магчымасць выбіраць і быць выбраным. Для таго каб выбіраць, неабходна мець грамадзянства Рэспублікі Беларусь і дасягнуць на дзень выбараў узросту 18 гадоў. Для таго каб быць выбраным, трэба адпавядаць дадатковым патрабаванням.
У выбарах не могуць удзельнічаць асобы, прызнаныя судом недзеяздольнымі, і асобы, што ўтрымліваюцца па прыгаворы суда ў месцах пазбаўлення волі. У галасаванні таксама не могуць удзельнічаць асобы, у дачыненні да якіх прынята такая мера стрымання, як утрыманне пад вартай (але яны маюць магчымасць быць выбранымі).
Канстытуцыяй замацаваны шэраг прынцыпаў выбарчага права, што вызначаюць працэс яго рэалізацыі. Артыкул 38 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь абвяшчае: «Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права свабодна выбіраць і быць выбранымі ў дзяржаўныя органы на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога або ўскоснага выбарчага права пры тайным галасаванні».
Выбарчы працэс — гэта працэс правядзення выбараў, які складаецца з самастойных стадый. Працэдура правядзення выбараў падрабязна ўрэгулявана Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь. Стадыямі выбарчага працэсу з’яўляюцца:
- 1) прызначэнне даты выбараў. Выбары Прэзідэнта прызначаюцца Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, а ўсе астатнія выбары — Прэзідэнтам;
- 2) утварэнне выбарчых камісій. Падрыхтоўку і правядзенне выбараў забяспечваюць Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў (дзейнічае пастаянна), а таксама спецыяльна створаныя акруговыя, тэрытарыяльныя і ўчастковыя камісіі;
- 3) утварэнне выбарчых акруг, ад якіх выбіраюцца выбарныя службовыя асобы, і ўчасткаў для галасавання, на якіх непасрэдна праводзіцца галасаванне;
- 4) складанне спіса выбаршчыкаў, у які ўключаюцца асобы, якія валодаюць выбарчым правам і зарэгістраваны на тэрыторыі адпаведнага ўчастка для галасавання;
- 5) вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў. Кандыдаты ў Прэзідэнты могуць вылучацца толькі грамадзянамі (пры наяўнасці не менш як 100 тыс. подпісаў выбаршчыкаў), а кандыдаты ў дэпутаты — грамадзянамі, палітычнымі партыямі і працоўнымі калектывамі;
- 6) перадвыбарная агітацыя з мэтай заахвоціць грамадзян прыняць удзел у выбарах, галасаваць за таго ці іншага кандыдата;
- 7) галасаванне, якое ажыццяўляецца шляхам прастаўлення адзнакі ў выбарчым бюлетэні;
- 8) падлік і абвяшчэнне вынікаў выбараў, якія арганізуюцца выбарчымі камісіямі.