*§ 12-0. Уводзіны ў беларускае права
Крыніцы (формы) права Рэспублікі Беларусь. Права заўсёды мае знешняе выражэнне. У юрыспрудэнцыі (навуцы аб праве) такое выражэнне называецца крыніцамі (формамі) права. У кожнай дзяржаве існуюць уласная гістарычна складзеная сістэма крыніц (форм) права. Асноўнай крыніцай права ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца нарматыўныя прававыя акты. Таксама ў якасці крыніц права выступаюць нарматыўныя дагаворы і ў абмежаванай меры — прававыя звычаі.
Нарматыўны прававы акт — гэта афіцыйны дакумент устаноўленай формы, прыняты (выдадзены) нарматворчым органам (службовай асобай) у межах яго кампетэнцыі або рэферэндумам. Ён утрымлівае агульнаабавязковыя правілы паводзінаў, разлічаныя на неаднаразовае прымяненне неабмежаванай колькасцю суб’ектаў права. Нарматыўныя прававыя акты выдаюцца разнастайнымі дзяржаўнымі органамі, знаходзяцца ў пэўнай іерархіі і маюць розную юрыдычную сілу. Аснову беларускага заканадаўства складаюць Канстытуцыя, законы, дэкрэты і ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (заканадаўчыя акты).
У Законе Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах» утрымліваюцца наступныя палажэнні:
Артыкул 3. Заканадаўства
1. Заканадаўства — сістэма нарматыўных прававых актаў, якая характарызуецца іх унутранай узгодненасцю, іерархіяй і забяспечвае прававое рэгуляванне грамадскіх адносін.
2. Заканадаўства складаюць наступныя нарматыўныя прававыя акты:
- • Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь;
- • рашэнні, прынятыя рэспубліканскім рэферэндумам;
- • законы Рэспублікі Беларусь;
- • дэкрэты, указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
- • пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь;
- • пастановы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
- • пастановы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
- • нарматыўныя прававыя акты Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры, нарматворчых органаў, падпарадкаваных (падсправаздачных) Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь;
- • нарматыўныя прававыя акты міністэрстваў, іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання;
- • рашэнні, прынятыя мясцовым рэферэндумам;
- • рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў;
- • нарматыўныя прававыя акты іншых нарматворчых органаў (службовых асоб);
- • тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты.
Як трэба разглядаць паняцце «закон» у наступных фразах:
- • «Няведанне закону не вызваляе ад адказнасці»,
- • «Закон зваротнай сілы не мае»:
- • у вузкім сэнсе — як закон;
- • у шырокім сэнсе — як нарматыўны прававы акт, што дзейнічае ў рамках канкрэтнай прававой сістэмы?
Нарматыўны прававы дагавор — гэта пісьмовае пагадненне, адным з бакоў якога з’яўляецца дзяржава, што ўтрымлівае агульнаабавязковыя правілы паводзінаў, разлічаныя на неаднаразовае прымяненне неабмежаванай колькасцю суб’ектаў права. Найбольш распаўсюджаным відам нарматыўнага прававога дагавора з’яўляецца міжнародны дагавор. У працоўным праве важную ролю адыгрываюць пагадненні, якія вызначаюць абавязацельствы бакоў па рэгуляванні адносін у сацыяльна-працоўнай сферы на ўзроўні пэўнай прафесіі, галіны, тэрыторыі. Таксама ў нашай дзяржаве заключана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой.
Прававы звычай — гэта правіла паводзінаў, прызнанае дзяржавай, якое доўгі час прымяняецца, але фармальна не замацавана ў праве.