§ 9. Геапалітычнае становішча і нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь

Паняцце геапалітыкі. Геапалітыка як тэорыя складваецца на мяжы ХІХ—ХХ стст. у выніку асэнсавання і аналізу пабудовы свету ва ўмовах проціборства асноўных цэнтраў сілы, якія вядуць барацьбу за падзел сферы ўплыву. Першапачаткова сэнс геапалітыкі быў у вылучэнні на першы план прасторавага, тэрытарыяльнага пачатку. Геапалітыка — гэта тэорыя, якая сцвярджае залежнасць палітыкі дзяржавы ад геаграфічных фактараў (клімат, прыродныя рэсурсы, тэрыторыя, насельніцтва і інш.), або вучэнне аб геаграфічнай абумоўленасці палітычных з’яў.

icon-persona
У выдадзенай у 1910 г. кнізе «Вялікія дзяржавы», у якой упершыню ўводзіцца тэрмін «геапалітыка», шведскі вучоны Рудольф Чэлен імкнуўся даказаць, што малыя краіны з-за свайго геаграфічнага становішча «асуджаныя» на падпарадкаванне «вялікім дзяржавам», якія дзякуючы свайму «геаграфічнаму лёсу» абавязаны аб’яднаць іх у вялікія геаграфічныя і гаспадарчыя «комплексы». 
icon-discussions
Якая роля належала ідэі аб кантролі над тэрыторыяй, аб заканамернасцях размеркавання і пераразмеркавання сфер уплыву ў абгрунтаванні сусветных войнаў? 
icon-discussions
Герніка, Хатынь, Асвенцім, Хірасіма з’яўляюцца сусветна вядомымі сімваламі трагічных вынікаў геапалітычнай барацьбы сярэдзіны ХХ ст. Як вы лічыце, чаму «Герніку» П. Пікасо называюць антываенным маніфестам? 

Пасля Другой сусветнай вайны геапалітыка ў першапачатковым яе разуменні адышла на другі план сусветнай знешнепалітычный думкі. Ключавую ролю ў гэтым адыграў перш за ўсё навукова-тэхнічны прагрэс, бо, з аднаго боку, горы і акіяны больш не здольны абараніць ад ядзерных ракет, а з другога — сучасныя сродкі камунікацыі адкрылі нябачаныя раней перспектывы эканамічнай і палітычнай інтэграцыі.

Сучасная геапалітыка ўсё больш канцэнтруе ўвагу на ўліку не столькі геаграфічных, колькі звязаных з імі эканамічных, нацыянальных, ваенных і іншых фактараў, якія ўплываюць на расстаноўку палітычных сіл на міжнароднай арэне. Сёння ўсё большая роля надаецца ўнікальнасці экасістэм і іх значнасці для глабальных прыродных сістэм жыццезабеспячэння, блізкасці да сусветных навукова-тэхнічных і фінансавых цэнтраў, міжнародных транспартных плыняў і да т. п.

У пачатку ХХІ ст. геапалітычная карціна свету характарызуецца шматпалярнасцю (поліцэнтрычнасцю), г. зн. наяўнасцю шматлікіх полюсаў (цэнтраў), вакол якіх канцэнтруюцца палітычныя, ваенна-стратэгічныя, эканамічныя, культурныя інтарэсы ўдзельнікаў сусветнага працэсу. Асноўная функцыя сучаснай геапалітыкі заключаецца ў пошуку дзяржавай узаемавыгадных саюзнікаў і партнёраў, а таксама напрамкаў і рэгіёнаў распаўсюджвання свайго ўплыву.