*§ 8-1. Прававыя асновы міжнародных адносін
Міжнародна-прававая адказнасць. Згодна з агульным прынцыпам міжнароднага публічнага права, любое супрацьпраўнае дзеянне, г. зн. парушэнне абавязацельстваў па міжнародным праве, цягне за сабой абавязак пакрыцця шкоды. Мэта пакрыцця заключаецца ў максімальна магчымай ліквідацыі наступстваў супрацьпраўнага дзеяння і аднаўлення таго стану, які існаваў бы, калі б супрацьпраўнае дзеянне не было б здзейснена. Пакрыццё шкоды можа прымаць розныя формы, такія як рэстытуцыя, кампенсацыя ці сатысфакцыя. Усе тры формы пакрыцця шкоды могуць ужывацца ў межах адказнасці дзяржаў і міжнародных арганізацый.
Рэстытуцыя ўяўляе сабой матэрыяльнае пакрыццё правапарушальнікам шкоды, нанесенай у выніку неправамернага міжнароднага акта, шляхам аднаўлення стану, які існаваў да яго здзяйснення (вяртанне неправамерна захопленай маёмасці, транспартных сродкаў і да т. п. ці замена неправамерна знішчанай ці пашкоджанай маёмасці, аналагічнай па кошце і прызначэнні). Нанесеная шкода не заўсёды можа быць пакрыта ў форме рэстытуцыі. У гэтым выпадку выкарыстоўваецца іншая форма пакрыцця шкоды — кампенсацыя.
Кампенсацыя — гэта фінансавае пакрыццё шкоды, нанесенай міжнародна-прававым дзеяннем. Кампенсацыя, як правіла, выплачваецца ў грашовай форме. Памер кампенсацыі можа быць вызначаны ў міжнародных судовых органах, у арбітражы ці на двухбаковых перагаворах.
Сатысфакцыя прадугледжвае задавальненне правапарушальнікам нематэрыяльных патрабаванняў, загладжванне нематэрыяльнай (маральнай) шкоды. Тэрмін мае лацінскія карані і ўтвораны ад двух слоў: satis — хопіць і facio — рабіць. Вельмі часта нанесеная шкода пакрываецца нематэрыяльна — выбачэннем. Маральная сатысфакцыя — гэта, па сутнасці, прызнанне віны і залежыць ад канкрэтнай сітуацыі.
Віды сатысфакцыі на сёння — гэта:
- • шкадаванне аб тым, што здарылася;
- • запэўніванне ў тым, што падобныя падзеі больш не паўторацца;
- • прымяненне форм маральнага задавальнення для пацярпелага боку (ільготы, зняцце санкцый).