*§ 7-1. Устойлівае развіццё — мадэль развіцця ХХI ст.

Напрамкі ўстойлівага развіцця.

Устойлівае развіццё магчыма пры раўнавазе трох асноўных складнікаў:

  • • эканамічны рост;
  • • сацыяльная адказнасць;
  • • экалагічны баланс.

Новае разуменне эканамічнага росту постіндустрыяльнай эканомікі заснавана на ўкараненні рэсурсазберагальных тэхналогій, выкарыстанні экалагічна чыстай вытворчасці і правільнай утылізацыі адходаў.

icon-discussions
Са студзеня 2021 г. у Беларусі забаронена выкарыстоўваць пластыкавы посуд на аб’ектах агульнага харчавання. З выкарыстання павінны знікнуць трубачкі (саломінкі), палачкі для размешвання напояў, пластыкавыя шклянкі, кубкі, талеркі і іншая пластыкавая ўпакоўка для прадукцыі агульнага харчавання і харчовых прадуктаў. Як вы думаеце, якія сэрвісы могуць атрымаць развіццё ў нашай краіне ў сувязі з гэтым? 
icon-discussions
Якія кантэйнеры для раздзельнага збору адходаў вам вядомы? Як пераканаць людзей у важнасці раздзельнага збору бытавых адходаў? Прывядзіце некалькі аргументаў. 

У прыкладным плане мадэль устойлівага развіцця — гэта спосаб арганізацыі і функцыянавання грамадства, дзяржавы, эканомікі на прынцыпах устойлівасці, найважнейшымі з якіх з’яўляюцца:

  • • чалавек — мэта прагрэсу;
  • • узровень чалавечага развіцця — мера сталасці грамадства, дзяржавы, яго сацыяльна-эканамічнай палітыкі;
  • • павышэнне ўзроўню дабрабыту народа, пераадоленне беднасці, удасканаленне структур вытворчасці і спажывання;
  • • прыярытэтнае развіццё сістэм аховы здароўя, адукацыі, культуры як найважнейшых сфер жыццядзейнасці грамадства, фактараў доўгатэрміновага росту працоўнай актыўнасці і творчага развіцця асобы;
  • • рацыянальнае прыродакарыстанне, захаванне і паляпшэнне навакольнага прыроднага асяроддзя;
  • • пераход на рэсурсазберагальны інавацыйны тып развіцця эканомікі ў межах гаспадарчай ёмістасці экасістэм;
  • • удасканаленне сістэмы кіравання, механізмаў прыняцця і рэалізацыі кіраўніцкіх рашэнняў;
  • • развіццё міжнароднага супрацоўніцтва і сацыяльнага партнёрства з мэтай захавання, аховы і аднаўлення экасістэм;
  • • павышэнне ўзроўню каардынацыі і ўзаемадзеяння дзяржавы, прыватнага бізнесу і грамадзянскай супольнасці па рэалізацыі пастаўленых мэт і задач устойлівага развіцця (з Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь).