§ 6. Сусветнае супольніцтва ў XXI стагоддзі

Міграцыйная мабільнасць і яе наступствы. Людзі перамяшчаюцца з месца на месца з даўніх часоў. Калі адны пераязджаюць у пошуках лепшай работы, адукацыі, эканамічных даброт ці для ўз’яднання з сям’ёй, другія вымушаны ўцякаць ад канфліктаў, тэрарызму ці з прычыны пераследу з-за сваёй расы, веравызнання, грамадзянства і інш. Расце колькасць тых, хто змяняе месца жыхарства ў выніку змены клімату, стыхійных бедстваў ці іншых фактараў экалагічнага характару. У сучасным свеце мы назіраем перамяшчэнне людзей у беспрэцэдэнтных маштабах. Міграцыйная мабільнасць — перамяшчэнне індывідаў і сацыяльных груп у працэсе змены імі месца жыхарства.

Згодна з азначэннем Міжнароднай арганізацыі па міграцыі мігрантам з’яўляецца любая асоба, якая перамяшчаецца або ўжо перамясцілася цераз міжнародную мяжу ці ўнутры краіны і пакінула месца свайго звычайнага жыхарства незалежна ад:

  • • юрыдычнага статусу асобы;
  • • добраахвотнага ці нядобраахвотнага характару перамяшчэння;
  • • прычын перамяшчэння.
icon-remember
Успомніце, чым адрозніваецца эміграцыя ад іміграцыі. 

У залежнасці ад тэрміну міграцыя можа быць часовая і сталая. Па характары волевыяўлення міграцыя можа быць вымушаная і добраахвотная. Вымушанай называюць, напрыклад, перасяленне з гарачых кропак ці раёна стыхійнага бедства. Часта за такім перамяшчэннем ідзе вяртанне на радзіму — рэпатрыяцыя.

Зыходзячы з мэты міграцыя можа быць працоўная, камерцыйная (у сувязі з вядзеннем бізнесу), адукацыйная, рэлігійная (паломніцтва), у сувязі з утварэннем ці ўз’яднаннем сям’і, у сувязі з вядзеннем традыцыйнай гаспадаркі (качэўніцтва) і да т. п. Працоўных мігрантаў, якія выехалі на працу за мяжу, часта называюць «гастарбайтарамі» — ад нямецкіх слоў «госць» і «работнік».

Па крытэрыі законнасці міграцыя можа быць легальная і нелегальная. Нелегальная міграцыя звязана не толькі з асаблівымі цяжкасцямі для чалавека ў пошуках жылля, працы, усталявання сталых сацыяльных кантактаў, але і з адказнасцю за незаконнае перасячэнне мяжы і/ці парушэнне правілаў знаходжання ў краіне іміграцыі. На міжнародным і нацыянальным узроўні звяртаюць асаблівую ўвагу на нелегальную міграцыю ўразлівых катэгорый — жанчын, дзяцей, якая часта адбываецца падманным шляхам або гвалтоўна з мэтай гандлю, прымусу да працы, прастытуцыі, і узмацняюць барацьбу з такой негатыўнай з’явай, як «трафік мігрантаў». Барацьба з гандлем людзьмі з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці Беларусі на міжнароднай арэне.

icon-discussions
Выкажыце здагадку, якія з краін з’яўляюцца краінамі-донарамі і краінамі-рэцыпіентамі міграцыйных плыняў. Якія могуць быць станоўчыя і адмоўныя наступствы міграцыі для мігрантаў, для краін? Як міграцыя датычыцца Беларусі? Ці з’яўляецца наша рэспубліка краінай прызначэння, паходжання ці транзіту для міграцыі? 

Беспрацоўе, галеча, ваенныя канфлікты вымушаюць людзей пакідаць свае краіны і перасяляцца ў больш стабільныя дзяржавы, часам рызыкуючы ўласным жыццём. Нізкі ўзровень адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі большасці імігрантаў не дазваляе ім атрымаць працу ў высокатэхнічных сферах, садзейнічае распаўсюджванню сярод іх радыкальных поглядаў. Паміж жыхарамі развітых краін і тымі, хто прыбыў, назіраецца адрозненне ў менталітэце, звычаях, узнікаюць канфлікты.

У горадзе Таронта (Канада) усталяваны манумент скульптара Францыска Пірэлі. Ён прысвечаны ідэям і палітыцы мультыкультуралізму, якая прадугледжвае захаванне і развіццё этнічных і культурных адметнасцей, паралельнае існаванне культур розных народаў у грамадстве.

icon-discussions
Вызначце сімвалы, прадстаўленыя ў дадзенай скульптурнай кампазіцыі, і ідэі, якія яны адлюстроўваюць. З якімі праблемамі сутыкаецца грамадства, увасабляючы гэтыя ідэі на практыцы? Чаму палітыку мультыкультуралізму ў 2010-х гг. сталі крытыкаваць у многіх еўрапейскіх краінах? 

Сёння ў многіх краінах адзначаецца пад’ём расізму, ксенафобіі і антыімігранцкіх настрояў. Мігранты часта становяцца мішэнню для расісцкіх ці ксенафобных палітыкаў, якія абвінавачваюць іх у сацыяльных і эканамічных праблемах сваіх супольніцтваў. «Мігрантафобія» стала сур’ёзнай праблемай, якая перашкаджае інтэграцыі і ўзаемаразуменню і прыводзіць да адчужэння і гвалту ў адносінах да мігрантаў у многіх краінах.