§ 6. Сусветнае супольніцтва ў XXI стагоддзі
Фактары разнастайнасці сучаснага свету. Разнастайнасць сучаснага свету заключаецца ў тым, што на нашай планеце ў 2021 г. пражываюць 7,7 мільярда чалавек, якія належаць да розных расавых, моўных і этнічных груп, вызнаюць розныя рэлігіі ці прытрымліваюцца атэістычных поглядаў, вучацца і працуюць у розных краінах свету, з’яўляюцца грамадзянамі розных дзяржаў і па-рознаму ідэнтыфікуюць сваю цывілізацыйную прыналежнасць. Сёння паспяховае развіццё любога грамадства залежыць ад яго здольнасці падтрымліваць баланс паміж захаваннем уласнай культурнай самабытнасці і далучэннем да дасягненняў сусветнай цывілізацыі.
Чалавецтву жыццёва неабходна культурная разнастайнасць?
У разнастайным свеце важна разумець, якім чынам існуючыя ў розных краінах рэлігійныя, культурныя, сямейныя каштоўнасці трансфармуюцца ў палітычныя і эканамічныя мэты. Часткі свету — рэгіёны, краіны — акрамя геаграфічнага становішча і прыродна-кліматычных умоў, культуры, рэлігіі і традыцый, адрозніваюцца палітычным ладам, узроўнем навукова-тэхнічнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця.