*§ 4-1. Гарызонты інфармацыйнага грамадства

Беларусь у інфармацыйную эпоху: магчымасці і перспектывы развіцця.

Развіццё інфармацыйнага грамадства з’яўляецца адным з прыярытэтаў развіцця Рэспублікі Беларусь. На пачатак 2021 г. на 9,5 млн жыхароў Рэспублікі Беларусь прыпадае 7,82 млн інтэрнэт-карыстальнікаў (пранікненне 80,8 %). 41 % насельніцтва карыстаецца сацыяльнымі сеткамі (3,9 млн). 95 % з гэтых карыстальнікаў выкарыстоўваюць сацсеткі з мабільных прылад (Digital 2021).

З мэтай распрацоўкі высокіх тэхналогій, у тым ліку інфармацыйных, і іх укаранення ў практыку ў нашай краіне створана адпаведная структура – Парк высокіх тэхналогій. Падобныя тэхнапаркі існуюць у ЗША, Кітаі, Ізраілі, Ірландыі, Фінляндыі, шэрагу іншых высокаразвітых краін. Здзяйсненне такога праекта ў Беларусі дае імпульс да развіцця ўласных інфармацыйных тэхналогій, а таксама прыцягвае ў краіну дадатковыя інвестыцыі. Важным этапам у працэсе інфарматызацыі ў нашай краіне стала прыняцце Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб развіцці лічбавай эканомікі» (2017), накіраванага на пабудову ў Беларусі сучаснай лічбавай эканомікі. У ліку новаўвядзенняў кардынальна новыя як для нашай краіны, так і для большасці замежных дзяржаў праваадносіны па выкарыстанні перспектыўных тэхналогій блокчэйн і лічбавых знакаў (токенаў).

icon-discussions

Пра папулярнасць прафесій у ІТ-сферы ў нашай краіне сведчыць першы ў Еўропе віртуальны помнік, устаноўлены ў цэнтры Мінска летам 2019 г.

Чаму стваральнікі выбралі фармат арт-інсталяцыі ў дапоўненай рэальнасці для ўвасаблення вобраза сістэмнага адміністратара, ІТ-спецыяліста?