*§ 4-1. Гарызонты інфармацыйнага грамадства

Асноўныя характарыстыкі інфармацыйнага грамадства. У Акінаўскай хартыі Глабальнага інфармацыйнага грамадства (2000) адзначалася, што інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі з’яўляюцца найважнейшым фактарам, які фарміруе грамадства ХХІ ст. Інфармацыйныя тэхналогіі становяцца жыццёвым стымулам развіцця сусветнай эканомікі, дазваляюць эфектыўна і творча вырашаць эканамічныя і сацыяльныя праблемы, шырэй выкарыстоўваць чалавечы патэнцыял, веды і ідэі, вызначаць тэндэнцыі развіцця грамадства, якое з’яўляецца інфармацыйным грамадствам.

Асноўныя рысы інфармацыйнага грамадства:

  • 1. Павелічэнне ролі інфармацыі і ведаў у жыцці грамадства.
  • 2. Рост колькасці людзей, занятых у сферы інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій.
  • 3. Рост долі інфармацыйных прадуктаў і паслуг у валавым унутраным прадукце.
  • 4. Шырокамаштабнае выкарыстанне ІКТ ва ўсіх сферах сацыяльна-эканамічнага, палітычнага і культурнага жыцця грамадства.
  • 5. Стварэнне глабальнай інфармацыйнай прасторы.
  • 6. Развіццё інфармацыйнай эканомікі, электроннага ўрада, электронных сацыяльных сетак і інш.

Разуменне, на якой стадыі фарміравання інфармацыйнага грамадства мы знаходзімся, дае індэкс сеткавай гатоўнасці (Networked Readiness Index), які з 2002 г. фарміруецца Сусветным эканамічным форумам. Ён заснаваны на чатырох вымярэннях: тэхналогіях, людзях, кіраванні, уплыве.

Стваральнікі даследчага праекта зыходзяць з палажэння, згодна з якім існуе шчыльная сувязь паміж развіццём ІКТ і эканамічным дабрабытам, бо ІКТ адыгрываюць сёння вядучую ролю ў развіцці інавацый, павышэнні прадукцыйнасці і канкурэнтаздольнасці, дыверсіфікуюць эканоміку і стымулююць дзелавую актыўнасць, тым самым садзейнічаюць павышэнню ўзроўню жыцця людзей.

icon-search
Даведайцеся, якое месца займае Беларусь у індэксе сеткавай гатоўнасці. Якія краіны з'яўляюцца суседзямі Беларусі па гэтым Індэксе?