§ 3. Цывілізацыя як культурна-гістарычны працэс
Паняцце цывілізацыі. Паняцце «цывілізацыя» паходзіць ад лацінскага civilis, што азначае «грамадзянскі, дзяржаўны». У розных навуковых канцэпцыях існуюць розныя падыходы да дадзенага паняцця. Паняцце «цывілізацыя» мае два асноўныя значэнні: як асобнае грамадства і як стадыя развіцця чалавецтва.
У ХХ ст. паняцце «цывілізацыя» стала звязвацца ў першую чаргу з «лакальнымі» цывілізацыямі, а не са ступенню ў развіцці грамадства. У аснову цывілізацыйнага падыходу былі пакладзены тры асноўныя палажэнні:
- • у чалавецтва няма гісторыі як адзінага сусветна-гістарычнага працэсу, а ёсць гісторыя асобных краін і народаў, цывілізацый;
- • не эканамічныя фактары вызначаюць развіццё грамадства, а духоўныя і культурныя;
- • не агульныя, а адметныя рысы ў развіцці краін і народаў, іх самабытнасць і непадабенства маюць галоўнае значэнне для гісторыі.
Цывілізацыі — гэта ўстойлівыя цэласныя культурна-гістарычныя супольнасці, якія вылучаюцца агульнасцю духоўных каштоўнасцей і культурных традыцый, падабенствам сацыяльна-палітычнага і матэрыяльна-вытворчага развіцця, асаблівасцямі ладу жыцця і пэўным тыпам асобы, агульнымі этнічнымі прыметамі і пэўнымі геаграфічнымі рамкамі.