§ 2. Ступені грамадскага развіцця
Стадыяльны падыход. У 1960-х гг. была сфармулявана тэорыя стадый эканамічнага росту.
Амерыканскі вучоны Уолт Ростау ў працы «Стадыі эканамічнага росту. Некамуністычны маніфест» (1960) прапанаваў улічваць эканамічныя крытэрыі (тэхналагічныя новаўвядзенні, хуткасць эканамічнага росту, змяненні ў структуры вытворчасці) і на іх падставе вылучыў пяць стадый развіцця грамадства.
У канцэпцыі У. Ростау вылучаюцца наступныя стадыі:
- • традыцыйнае грамадства (запаволенае развіццё, нізкі ўзровень вытворчасці працы, перавага сельскай гаспадаркі ў эканоміцы, іерархічная сацыяльная структура, улада належыць буйным зямельным уласнікам);
- • пераходнае грамадства (зараджэнне прадпрымальніцтва і капіталістычных стасункаў, фарміраванне цэнтралізаваных дзяржаў, рост нацыянальнай самасвядомасці);
- • стадыя ўзлёту (прамысловая рэвалюцыя, пачатак індустрыялізацыі, сацыяльна-эканамічныя і палітычныя рэформы);
- • стадыя сталасці (тэхнічны прагрэс, урбанізацыя, завяршэнне індустрыялізацыі, павышэнне долі кваліфікаванай працы);
- • эра высокага ўзроўню масавага спажывання (высокі ўзровень спажывання тавараў працяглага карыстання і паслуг, стварэнне сістэмы сацыяльнага забеспячэння, станаўленне «грамадства ўсеагульнага дабрабыту»).
У 1971 г. У. Ростау дадаў шостую стадыю росту — стадыю «пошуку якасці жыцця» (якаснае паляпшэнне жыццёвых умоў чалавека, пашырэнне сферы паслуг у галіне медыцыны, вольнага часу, падарожжаў і да т. п.).
У чым падабенства і адрозненне фармацыйнага падыходу і тэорыі стадый эканамічнага росту?