§ 18-1. СЕЛЬСКАЯ ГАСПАДАРКА — НАЙВАЖНЕЙШЫ ФАКТАР ВЫРАШЭННЯ ХАРЧОВАЙ ПРАБЛЕМЫ
Новы погляд на сельскую гаспадарку свету і яе геаграфію ў ХХІ ст. Глабальныя і рэгіянальныя асаблівасці. Сельская гаспадарка свету ў ХХІ ст. развіваецца на прынцыпах устойлівага развіцця.
Устойлівае развіццё сельскай гаспадаркі (УРСГ) — гэта такое яе развіццё, якое ўносіць уклад у павышэнне эфектыўнасці выкарыстання рэсурсаў, устойлівасці да неспрыяльных знешніх уздзеянняў у мэтах забеспячэння паўнавартаснага харчавання для ўсіх цяпер і ў будучыні.
Канчатковай мэтай устойлівага развіцця сельскай гаспадаркі з’яўляецца забеспячэнне харчовай бяспекі і харчавання насельніцтва (мал. 128-1).

Традыцыйна праблемы харчовай бяспекі былі звязаныя з забеспячэннем агульнай каларыйнасці рацыёну. Аднак сёння асноўную заклапочанасць выклікае так званы «трайны цяжар» непаўнавартаснага харчавання (мал. 128-2). Так, голад закранае каля 800 млн чал. па ўсім свеце. Людзей, на якіх негатыўна ўплывае пераяданне, больш, чым людзей, якія пакутуюць ад голаду.

Паводле ацэнак СААЗ, звыш 1,9 млрд чал. ва ўзросце 18 гадоў і старэйшых (39 % колькасці сусветнага насельніцтва ў дадзенай узроставай групе) маюць залішнюю масу цела, а 600 млн з іх (33 %) пакутуюць ад атлусцення. Дэфіцыт мікранутрыентаў адчуваюць прыблізна 2 млрд чал. у свеце.
Сучасныя тэндэнцыі развіцця сельскай гаспадаркі свету звязаны са змяненнем клімату, павелічэннем выкідаў CO2 і грунтуюцца на прынцыпах устойлівага развіцця раслінаводства і жывёлагадоўлі.
Пад уздзеяннем змянення клімату, і ў прыватнасці яго пацяплення, адбываецца змяненне вегетацыйнага перыяду раслін і геаграфіі традыцыйнай сельскагаспадарчай спецыялізацыі (мал. 128-3).

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як змяненне клімату ўплывае на структуру сельскай гаспадаркі?
Павелічэнне тэмпаў росту аб’ёмаў вытворчасці прадуктаў харчавання ў свеце пераважна за кошт краін, якія развіваюцца, прывяло да змянення геаграфіі галоўных сельскагаспадарчых раёнаў свету. Як паказвае малюнак 128-4, найбольшымі тэмпамі росту аб’ёмаў вытворчасці прадуктаў харчавання характарызуюцца краіны Азіі і Лацінскай Амерыкі.

Нізкія тэмпы ўласцівы дзвюм групам краін: 1) развітым краінам з-за скарачэння аб’ёмаў спажывання прадуктаў харчавання насельніцтвам; 2) найбольш адсталым краінам Афрыкі, дзе нізкі ўзровень сацыяльна-эканамічнага развіцця не дазваляе падтрымліваць устойлівыя аб’ёмы вытворчасці для забеспячэння патрэб насельніцтва.
Свет і Беларусь. Якая доля сельскай гаспадаркі ў ВУП Беларусі? Чаму развіццю сельскай гаспадаркі ў Рэспубліцы Беларусь надаецца значная ўвага з боку дзяржавы?
Пры агульным росце аб’ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання ў свеце сярод краін назіраецца ўстойлівая залежнасць ад яго імпарту (мал. 128-5).

Як бачна на малюнку 128-5, найбольшай залежнасцю ад імпарту прадуктаў харчавання характарызуюцца краіны Афрыкі, некаторыя краіны Паўднёва-Заходняй і Цэнтральнай Азіі, якія развіваюцца. Найменш залежнымі ад імпарту прадуктаў харчавання з’яўляюцца краіны Усходняй, Паўднёва-Усходняй і Цэнтральнай Азіі і шэраг краін Паўднёвай Амерыкі (Бразілія, Аргенціна).