«Дом без гаспадара»
Асаблівасці кампазіцыі твора
Адметнасць апавядальнай манеры аўтара ў рамане «Дом без гаспадара» ў тым, што кожны раздзел напісаны ад імя пэўнага героя — то дзяцей, то дарослых. У шырокім сэнсе гэта манера сучаснага кінамастацтва. Пяць апавядальных пунктаў гледжання (ці прыём поліфаніі) ствараюць аб’ёмнае выяўленне жыцця, актывізуюць думку чытача, збліжаюць яго з героямі. Пісьменнік амаль нічога не гаворыць «ад сябе», але ён непрыкметна падключаецца да разважанняў, успамінаў герояў, што дазваляе паўней раскрыць іх унутраны свет. Так, калі Нэла згадвае сваё знаёмства з мужам і ваенныя падзеі, для больш глыбокага раскрыцця яе ўнутранага свету Г. Бёль скарыстоўвае прыём аўтарскага маналогу, піша: «Вайна — удзячная тэма для драматурга, таму што за ёй крочыць такая вялікая з’ява, як смерць, на ёй засяроджваецца ўсё дзеянне, яна стварае напружанасць, падобную на туга нацягнуты барабан, — дастаткова найлягчэйшага дотыку пальцам, каб ён загучаў».
Унутраныя маналогі ўсіх персанажаў маюць падобную стылёвую афарбоўку. Нярэдка яны ўяўляюць сабой адмысловую плынь свядомасці, фрагментарных успамінаў і асацыяцый, якія дапамагаюць аўтару стварыць вобраз мінулага. Некалі перажытае героямі, імгненні з мінулых гадоў уваходзяць у жыццё нароўні з клопатамі і радасцямі сённяшняга дня, мінулае і сучаснае ўзаемапранікаюць і суіснуюць у свядомасці герояў. Даследчыкі ваенных раманаў Г. Бёля адзначаюць, што аўтар выкарыстоўваў часавую, тэматычную, эмацыянальную шматпланавасць, часта паказваў перажыванні і змены настрояў герояў, іх успаміны пра колішнія сустрэчы і падзеі, што нагадвае прыёмы асацыятыўнага мантажу ў кінамастацтве. Такі мантаж дазваляў аўтару многае ў сваім аповедзе не дагаворваць, прапускаць, але так, што прысутнасць нечага нявыказанага, падтэксту, гульні сэнсаў з большай або меншай сілай адчуваецца на працягу ўсяго твора.
Уяўная неўпарадкаванасць такіх маналогаў узнікае не ў выніку імкнення аўтара дакладна перадаць плынь думак героя, а з’яўляецца спосабам абмалёўкі той або іншай з’явы. У выніку супастаўлення, сутыкнення розных меркаванняў герояў пра тыя самыя падзеі яны могуць атрымліваць адметнае асвятленне, што дапамагло аўтару шматпланава ўвасобіць эмацыянальна-экспрэсіўны і ідэйны змест мастацкага цэлага. Шляхам мантажу Г. Бёль ствараў таксама адмысловыя шматпланавыя кінастужкі біяграфій сваіх герояў. Пры гэтым на першы план выходзяць рытм, пэўныя адчуванні і эмацыянальная насычанасць, а не гісторыя, прадметны змест або патэтыка. Адпаведна асноўная танальнасць твора — падкрэслена лірычная.
У рамане дзве сюжэтныя лініі: Нэлы і Вільмы. У лёсе Вільмы і лёсе яе сына Генрыха паўтараецца лёс Нэлы і яе сына Марціна, але на іншым узроўні, сярод галечы і пастаяннага клопату пра хлеб надзённы. Тыя ж самыя праблемы нямецкага жыцця па-рознаму праламляюцца ў свеце людзей забяспечаных і ў свеце бедных. Аб’ядноўвае лёсы хлопчыкаў тое, што з-за бессэнсоўнай пагібелі бацькоў яны старацілі сапраўднае дзяцінства і вымушаны расці на духоўных руінах, якія страшнейшыя за матэрыяльныя. Іх маці не здатныя абараніць дзяцей ад таго бруду, які пакінула вайна, нават у сценах уласнага дому — дому без гаспадара. Лёс дзяцей — гэта лёс цэлага пакалення. Дзіцячыя фігуры ў пісьменніка, як заўважыў нямецкі крытык М. Бекерт, звычайна выяўляюцца ў абагульненым выглядзе, яны ўяўляюць сабой лёсы, а не характары.
У рамане «Дом без гаспадара», як і ў іншых творах Г. Бёля, за прыватнымі лёсамі герояў паўстае трагічны лёс нацыі. Раман прасякнуты пафасам сцвярджэння агульначалавечых каштоўнасцей, адмаўлення эгаістычнай буржуазнай маралі і звязанага з ёй нацызму, а таксама тых заяў нямецкіх дэмагогаў, якія прапаведавалі ідэю хрысціянскага даравання ваенных злачынцаў. Чалавек глыбока рэлігійны (каталік паводле веравызнання), Г. Бёль не прымае мараль непраціўлення злу насіллем. Наадварот, ён настойліва шукае ў душах сваіх суайчыннікаў не пакору, а нянавісць да сіл зла. Пісьменнік уздымаў праблему ўсенароднай віны за паўтарэнне фашызму, ён ведаў і паказваў чытачам, супраць чаго трэба змагацца. У гэтай сітуацыі Г. Бёля хвалявала менавіта псіхалогія радавога немца, самай шырокай масы заходнегерманскага бюргерства. Памяць і недараванне фашызму — гэта не толькі абавязак перад загінуўшымі (якія па-юначы ўсміхаюцца з партрэтаў у сваіх дамах без гаспадароў), але і ўсведамленне адказнасці перад маладым пакаленнем. Настаўнікі вучаць, што нацысты не такія ўжо і страшныя. «Вайну трэба забыць!» — сцвярджае фашыст Гезелер. Але менавіта пасля з’яўлення Гезелера Альберт прывозіць Марціна ў старую крэпасць і настойвае на тым, каб хлопчык заўсёды помніў, што тут білі і тапталі ботамі яго бацьку. І падлетак абяцае помніць гэта і ненавідзець фашызм.
Г. Бёль увайшоў у гісторыю літаратуры са сваёй асобнай тэмай — асэнсаваннем вынікаў вайны, сцвярджэннем яе бессэнсоўнасці, прызнаннем вінаватасці і адказнасці немцаў ды патрабаваннем нацыянальнага пакаяння — нездарма пісьменніка называюць «сумленнем нацыі».