«Дом без гаспадара»

Вобраз мастака Альберта

Самым разумным і сумленным сярод дарослых герояў рамана з’яўляецца мастак Альберт Мухаў, сябар загінуўшага Раймунда Баха. Ён адзіны, хто не адмовіўся ад веры ў будучае, застаючыся верным памяці сябра, апякуе яго сына і Генрыха. Хлопец нават марыць, каб Альберт жыў разам з імі, «быў яго дзядзькам», «але і ад звычайнага “дзядзькі” ён чымсьці адрозніваўся». Альберт пахаваў любую жонку Лін. На яго вачах сябар Рай пайшоў на смерць, «і ён не змог перашкодзіць гэтаму. Змагацца з тупой магутнасцю арміі было яму не па сіле». Аднак і цяпер, ужо маючы вопыт вайны і пасляваеннага ліхалецця, Альберт працягвае растрачваць свой вялікі талент на бяскрыўдныя малюнкі, за якія яму добра плацяць. Пісьменнік не ўтаіў ад чытача, што Альберт, найбольш прывабны з яго персанажаў, усё ж абмежаваны. Ён мастак, але не намаляваў ніводнай новай карціны, і часопісы друкуюць яго малюнкі, зробленыя пад уплывам вялікага кахання яшчэ да вайны ў час жыцця ў Англіі. 

Эпілога ў кнізе няма. Раман заканчваецца амаль ідылічнай карцінай. У той дзень, калі ў сям’і Нэлы знікла надзея помсты Гезелеру, Альберт адвозіць хлопчыкаў у Бітэнхан, у «ідэальны» (утульны, упарадкаваны, радасны, сяброўскі, цёплы) дом да сваёй маці. У гэтым доме клапоцяцца пра сямейнікаў і гасцей, там матэрыялізуюцца нерэалізаваныя жаданні герояў, іх імкненне займець свой уласны дом, дзе можна адчуваць сябе ў бяспецы. Там усё аж занадта гладка, без сучка і задзірынкі, і смачна пахне драўнінай, пячэннем, свежым цестам, там дзяцей кладуць спаць усіх разам у адзін шырокі ложак, які ў творы сімвалізуе спакой, утульнасць, бяспеку. Там дзеці могуць есці ўсё, чаго ў рэльным жыцці яны пазбаўлены (масла, вяндліну, варэнне, хлеб), і «вычвараць усё, што ім уздумаецца: лавіць рыбу, хадзіць у даліну, катацца на лодцы або гадзінамі гуляць за домам у футбол». Пры гэтым хлопчыкаў цікавіць не перамога, атрыманая згодна з правіламі футбольнай гульні, а сам яе працэс. 

Маці Альберта таксама ідэальная маці, гаспадыня, якая ў вачах Генрыха падобная да «добрай чараўніцы». Час, які бавілі хлопчыкі ў Бітэнхане, уяўляецца ім самым вясёлым і прыемным, і «Брылах, заўсёды такі няўсмешлівы, смяецца там ад усяго сэрца». Таму, загладжваючы сваю віну перад сынам, Нэла Бах у якасці ўзнагароды выкарыстоўвае разам з наведваннем кінатэатра і марожаным паездку ў Бітэнхан. Але ў гэтым свеце ўсё настолькі добрае і цудоўнае, што ўспрымаецца Генрыхам як чужое, і ён заве Бітэнхан «трэцім светам», які існуе паралельна яго ўласнаму свету і свету грамадскай думкі, прадстаўленай школай і царквой. «Што ні кажы, а ўсё гэта для дзяцей! Яго не падманеш — нешта тут не так!» Ідэальнае жыццё ўспрымаецца героем нерэальным, таму ён і адносіцца да яго з недаверам.