§ 4. Элементы кіравання для работы з графікай

§ 4.1. Элементы кіравання для работы з графікай

Пры стварэнні дадатку нярэдка ўзнікае неабходнасць упрыгожыць яго графічным відарысам. У гэтым выпадку можна выкарыстаць кампанент Image (відарыс). На панэлі кампанентаў Additional кампанент відарыс паказаны ў выглядзе  , імя аб'екта  Image. Кампанент Image, змешчаны на форму, атрымлівае імя ImageN, дзе N — нумар 1, 2, 3… (прыклад 4.1).

Некаторыя ўласцівасці кампанента Image прыведзены ў табліцы  (прыклад 4.2).

Выкарыстоўваючы ўласцівасць Picture, можна выбраць і загрузіць відарыс на этапе праектавання дадатку. Відарыс можа быць выбраны ў акне рэдактара відарысаў (кнопка   каля ўласцівасці Picture ў акне інспектара аб'ектаў). У гэтым выпадку малюнак захоўваецца ў файле формы і для работы дадатку асобнага файла з малюнкам не патрабуецца.

Кампанент падтрымлівае ўстаўку малюнкаў у фарматах JPEG, PNG, BMP. Калі патрабуецца апрацоўка відарыса (любыя змяненні малюнка), то малюнак павінен быць захаваны ў фармаце BMP. Для малюнкаў фармату PNG з празрыстым фонам пры загрузцы захоўваецца празрыстасць.

Уласцівасць Picture кампанента Image валодае метадамі LoadFromFile і SaveToFile, якія выкарыстоўваюцца для загрузкі і захавання відарыса. Метад LoadFromFile можа быць выкарыстаны для загрузкі відарыса пры адкрыцці дадатку. У гэтым выпадку файл з малюнкам павінен знаходзіцца ў папцы праекта (ці неабходна прапісаць поўны шлях да файла).

Прыклад 4.3. Стварыць праект, у якім змясціць фонавы відарыс на форме. Пры націсканні на кнопку па-над фонавым відарысам павінен з'явіцца іншы відарыс.

Этапы выканання задання

  1. Змясціць на форму два кампаненты Image і кнопку.
  2. Загрузіць у кампанент Image1 фонавы відарыс. Задайце памеры Image1: Height = 370, Width = 550. Уласцівасць Stretch = True.
  3. Для кампанента Image2 устанавіць значэнні для ўласцівасці Visible = False (відарыс нябачны пры запуску дадатку). Памеры Height = 120, Width = 200. Уласцівасць Stretch = True.
  4. Загрузіць відарыс у кампанент Image2. Відарыс можа быць фармату PNG з празрыстым фонам ці фармату BMP з фонам аднароднага колеру (у гэтым выпадку значэнне ўласцівасці Transparent = True).
  5. Напісаць апрацоўшчык падзеі OnClick для кампанента Button1.

Прыклад 4.1. Кампанент Image (відарыс) на форме:

Прыклад 4.2. Некаторыя ўласцівасці кампанента Image (відарыс).

Уласцівасць

Прызначэнне

Picture

Выкарыстоўваецца для адлюстравання відарысаў

Autosize

Пры значэнні True памер кампанента будзе аўтаматычна падганяцца пад памер змешчанага ў яго малюнка

Stretch

Пры значэнні True малюнак будзе займаць увесь кампанент. Пры гэтым магчыма скажэнне відарыса

Center

Пры значэнні True малюнак будзе адцэнтраваны адносна кампанента

Transparent

Значэнне True паказвае, што фон відарыса становіцца празрыстым. Гэта можна выкарыстоўваць для накладання відарысаў адзін на адзін (дзейнічае толькі для файлаў .bmp)

Proportional

Значэнне True паказвае, што пры змяненні памераў відарыса будуць захоўвацца прапорцыі

Прыклад 4.3. Форма на этапе канструявання:

Апрацоўшчык падзеі OnClick для Button1.

procedure TForm1.Button1Click(Sender: TObject);
begin
   Image2.Top := 220;
   Image2.Left := Random(300);
   Image2.Visible := True;
end;

Дадатак у час работы:

Да націскання на кнопку:

Пасля націскання на кнопку:

Паколькі гарызантальнае становішча мядзведзя задаецца выпадковым чынам, то пры кожным націсканні на кнопку мядзведзь будзе прарысаваны ў новым месцы.