Паэзія

Мастацкія пошукі сучаснай паэзіі

Папулярнасць набыла жанравая форма танка. Класічная танка складаецца з трыццаці аднаго склада, а галоўная думка верша сканцэнтравана, як правіла, у трох першых радках: «Пярэсты мятлік // і восенню хоча жыць — // п’е паспешліва // з хрызантэмы расінкі // марознай раніцай» (У. Сіўчыкаў).

Шырокае распаўсюджанне ў сучаснай літаратуры атрымала і жанравая форма хоку, які, па-сутнасці, з’яўляецца скарочанай формай танкі: «Хірасіма. На // Камені — цень чалавека. // Самога ж — няма» (Максім Танк). На сучасным этапе хоку ў беларускай літаратуры пішуць Адам Глобус, Уладзімір Сіўчыкаў, Арцём Арашонак і інш.

Адраджэнне паліндрома — верша, які можа чытацца ў адваротным парадку (з апошняй літары (радка) да першай), — звязана з літаратурнай дзейнасцю П. Васючэнкі і іншых аўтараў.

Існуе яшчэ некалькі вершаваных форм, новых для сучаснай беларускай паэзіі. Найперш гэта лімэрык (пяцірадкоўе, напісанае анапестам, у якім 1, 3, 5-ы радкі складаюцца з трох стоп, а 2-і, 4-ы — з дзвюх з рыфмоўкай aaббa). Яшчэ адна новая вершаваная форма — пагер-вершы, кароткія тэкставыя паведамленні для пэйджараў, пры напісанні якіх для эканоміі абмежаванай колькасці сімвалаў не выкарыстоўваюцца знакі прыпынку, няма гукавога выражэння беларускіх «і», «ў», «ё»; змест падобных твораў часцей складаюць перажыванні лірычнага героя.

У сучаснай паэзіі сустракаюцца і разнастайныя графічныя формы вершаў: у выглядзе лесвіцы (творы П. Панчанкі, А. Вярцінскага, Я. Сіпакова, В. Зуёнка і інш.), фігурных вершаў, радкі якіх утвараюць пэўную фігуру або выяву — трохвугольнік, ромб, квадрат, крыж, сэрца, зорку і інш. (С. Мінскевіч, З. Вішнёў і інш.).