«Зацюканы апостал»
Майстэрства Макаёнка ў абмалёўцы характараў
Аўтар даў трапныя характарыстыкі дзейным асобам: Тата — «накормлены чыноўнік», Сын — «вельмі хоча быць з барадой, а яна не расце», Дачка — «яго сястрычка, адзінаўтробны антыпод», Дзед — «хоча быць дзіцем, ён з радасцю памяняўся б з унукам і гадамі, і ролямі, і барадой» і інш.
Выяўляюцца характары герояў і праз іх узаемаадносіны («праходзячы адно паўз аднаго, яны неяк староняцца, быццам пабойваючыся, каб між імі не пыхнула кароткае замыканне, не бліснула маланка, не грымнуў пярун»), праз адносіны да іншых («Малыш расквасіў Мухамеду нос»).
Майстэрства драматурга ў абмалёўцы характараў найбольш яскрава выявілася праз моўную характарыстыку персанажаў: ужыванне дзеясловаў з эмацыянальна-ацэначным значэннем для перадачы жэстаў, рухаў, мімікі («тыцкае... пад нос», «зіркне», «рагоча» і інш.), увядзенне ў мову герояў эмацыянальна-ацэначнай лексікі і фразеалагізмаў са зняважлівым значэннем («цывілізацыя прайшла міма цябе», «без неўрапатолага цяжка зразумець», «разуй вочы» і інш.).
Пісьменнік І. Шамякін, звяртаючы ўвагу на асаблівасці драматургіі А. Макаёнка, адзначаў: «Ёсць п’есы, якія нядрэнна гучаць са сцэны, але якія шмат што трацяць пры чытанні, бо іх аўтары неахайна ставяцца да літаратурнага слова, да апісання абставін, месца дзеяння і паводзін герояў.
Андрэй Макаёнак надзвычай патрабавальны да ўсяго гэтага. Няхай чытач зверне ўвагу, як гучыць у Макаёнка слова, кожная рэпліка, як дынамічна яны спружыняць, якая выбуховая сіла закладзена ў яго словах.
Некаторыя аўтары характарыстыкам герояў часта не надаюць значэння, маўляў, хай пра гэта думаюць рэжысёр і акцёры.
А вось характарыстыка герояў “Зацюканага апостала”: “Тата — звычайны, хатні, такіх многа. Зусім ручны: хто паманіць, да таго і ідзе. Адна вельмі важная дэталь: ён жыве за мяжой. Праўдзівы, як і большасць мужчын”. <…> Якая іронія! Які сарказм! — захапляецца І. Шамякін. — У некалькіх словах — цэлая праграма для рэжысёра і акцёраў — што ім рабіць, як іграць».