«Зацюканы апостал»
Маральна-этычны змест камедыі, сцвярджэнне аўтарам духоўных агульначалавечых каштоўнасцей
У п’есе «Зацюканы апостал», жанр якога літаратуразнавец Пятро Васючэнка вызначыў як камедыя-прытча, высвечваецца цэлы комплекс быційных праблем, арганічна спалучаюцца палітычныя, філасофскія і маральныя праблемы сучаснасці. Сам А. Макаёнак адзначаў, што гэта п’еса стала «вынікам роздуму над праблемамі агульначалавечага характару». Драматурга найбольш хвалявалі страта грамадствам маральных ідэалаў, створаных чалавецтвам на працягу стагоддзяў («старыя запаведзі нікога не кранаюць: «Не забі!», «Не ўкрадзі!», «Не пажадай жонкі бліжняга»), і пакланенне каштоўнасцям уяўным: грошам, фізічнай сіле, уладзе. У творы востра стаіць праблема маральнага выбару, што непазбежна паўстае перад тымі героямі, якія імкнуцца захаваць сябе як асобу ў цынічным і жорсткім свеце капіталу. Хоць дзеянне адбываецца ў адной заходняй краіне, чытачу зразумела, што гэта гісторыя можа мець месца ўсюды. Бо праблемы сям’і, разладу і непаразумення ў ёй, канфлікту пакаленняў універсальныя і адвечныя.
Аўтар «Зацюканага апостала» пераконваў, што менавіта ў сям’і пачынаецца фарміраванне асобы, закладваюцца каштоўнасныя прыярытэты, «дзеці павінны ўзбагачацца вопытам бацькоў». Таму вызначальнай у п’есе становіцца праблема адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей.
Адну з прычын распаду сучаснай сям’і драматург бачыў у няшчырасці, фальшы, двудушшы або падвойных стандартах, якія моцна ўкараніліся ў грамадстве. Яны выразна выяўлены праз характарыстыку Мамы: «Жыве за мяжой, гаворыць, можа, і правільна, а што яна думае... Каб яна з’ела тое, што яна думае. Яна хоча, каб усе жылі паводле правілаў хрысціянскай маралі, а сабе дазваляе іншы раз і так... як-небудзь...» Дзеці, як вядома, надзвычай востра і чуйна рэагуюць на няшчырасць і падман бацькоў.
Бунт Малыша, персанажавундэркінда, своеасаблівы. Надзвычай рана ён не толькі навучыўся выкрываць хлусню дарослых людзей, але і карыстацца ёй. Герой ставіць эксперымент ва ўласнай сям’і і пераконваецца, як лёгка прымусіць людзей скарацца. Таму запаветная мара Малыша — зрабіць палітычную кар’еру... За душу гэтага юнага цыніка змагаюцца кнігі і тэлевізар. Кнігі вучаць яго «разумнаму, добраму, вечнаму», тэлекаментатар, які штовечар «прымае роды ў чалавецтва», — хлусні, цынізму і майстэрству абалваньваць масы.
Марыя Верціхоўская лічыць, што справядлівей было б успрымаць трагікамедыю «Зацюканы апостал» як гісторыю не толькі сям’і, але і наогул грамадства, у якім адсутнічаюць духоўныя арыенціры. На думку даследчыцы, А. Макаёнак прапанаваў чалавецтву глянуць на грамадскія праблемы праз люстэрка сям’і, у якой паказчыкам духоўнага здароўя з’яўляюцца дзеці. Сваім творам драматург сапраўды імкнуўся вярнуць сям’і яе выхаваўчыя функцыі.
Як сапраўдны гуманіст, А. Макаёнак верыў у сілу не толькі чалавечага розуму, але і духу. Пісьменніку патрэбна была грамадзянская мужнасць, каб у савецкі час галоўны герой п’есы неаднаразова прамаўляў са сцэны біблейскае слова: «Плачь об умершем семь дней, а о глупом и нечестивом — все дни жизни его», «Не открывай наготы», «И нашёл я, что горче смерти — женщина, потому что она — сеть, и сердце её — силки, и руки её — оковы; добрый перед Богом спасается от неё, а грешник будет уловлен ею», «Дети грешников бывают дети отвратительные и общаются с нечестивыми…», «Почитающий отца будет иметь радость от детей своих и в день молитвы услышан будет». Тым самым драматург звяртаў увагу грамадства на духоўны патэнцыял Кнігі кніг, спрабаваў адаслаць сучаснікаў да крыніцы мудрасці і актуалізаваць яе каштоўнасці. Нечакана і па-новаму для тагачаснай літаратуры гучалі гэтыя біблейскія рэмінісцэнцыі ў творы.