«Зацюканы апостал»
Спалучэнне ў творы камічнага і трагічнага
Камічнае — гэта форма непрыняцця і асуджэння чалавекам навакольнай рэчаіснасці, якая выяўляецца праз насмешку, высмейванне каго-небудзь або чаго-небудзь. Камічнае дапамагае зразумець сутнасць супярэчнасцей паміж персанажамі. У аснове трагічнага ляжаць канфлікты (калізіі) у жыцці чалавека (або групы людзей), якія не могуць быць вырашаны, але з якімі нельга змірыцца. Сам жанр трагікамедыі заснаваны на спалучэнні камічнага і трагічнага ў адным творы. Любы сюжэт літаратуры, сцэнічнага і выяўленчага мастацтва, які спалучае камічнае і трагічнае, — гэта трагікамедыя ў шырокім сэнсе. І. Шамякін лічыў, што «бадай, няма больш цяжкай задачы ў драматургіі, як арганічна аб’яднаць у адно цэлае камедыйнае і трагедыйнае. Не ўсе нават з тых, хто абяссмерціў сваё імя, адважваліся на такі крок». Андрэй Макаёнак паспрабаваў ажыццявіць складаную задачу — сплавіць камедыйнае і трагедыйнае ў «Зацюканым апостале» і «Трыбунале» і паспяхова з гэтым справіўся.
Аўтарскія задачы ў трагікамедыі «Зацюканы апостал» не абмяжоўваюцца толькі сатырычным выкрыццём маралі грамадства, заснаванай на пакланенні ўяўным каштоўнасцям. Андрэй Макаёнак выразна ўяўляў небяспечнасць філасофіі грамадства, у аснову якой пакладзены цынічны тэзіс, што грошы — сіла. Натуральным вынікам шанавання такой філасофіі, на думку камедыёграфа, з’яўляецца непазбежнасць трагедыі асобы: «зачараванае кола, у якім чалавек гіне, калі не здолее з яго вырвацца».
Пастаноўка п’есы «Зацюканы апостал» (Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага) атрымала Гран-пры «Лепшы спектакль тэатра драмы» III Нацыянальнай тэатральнай прэміі (2014). |