«Сэрца на далоні»
Сімволіка назвы твора
Назва рамана «Сэрца на далоні» — сімвалічная. У прамым значэнні — гэта сэрца Зосі Савіч у добрых руках хірурга Яраша, які ратуе жанчыне жыццё. За аперацыяй назіраюць запрошаныя асістэнты, многія зацікаўленыя людзі, сярод якіх і Кірыла Шыковіч. Апошні так да канца і не ўбачыў выдатную аперацыю: стала кепска.
У пераносным значэнні назва азначае заклік да людзей быць добрымі, не раніць свае і чужыя сэрцы абразлівымі і жорсткімі дзеяннямі і ўчынкамі. Назва «Сэрца на далоні» гучыць у рамане некалькі разоў: сцэна аперацыі прыгадваецца Шыковічу, калі яго крытыкуюць за выхаванне сына; у сваім развітальным лісце Зося Савіч дзякуе Ярашу за тое, што той трымаў яе сэрца ў сваіх руках, на сваіх далонях.
Творчасць І. Шамякіна засведчыла высокі ўзровень развіцця беларускай літаратуры ў другой палове ХХ стагоддзя, яе арганічную еднасць з гісторыяй краіны, якая перажывала і гераічныя, і трагічныя старонкі, шукала выйсце са складаных сітуацый. Пісьменнік увесь свой талент скіроўваў на раскрыццё вострых праблем, ішоў упоравень з часам і нават яго апярэджваў, як, напрыклад, у раманах «Атланты і карыятыды», «Злая зорка», прадказваючы не толькі станоўчы, але і адмоўны ўплыў навукова-тэхнічных дасягненняў на жыццё, прыроду і чалавека.
Мастак слова пакінуў маладзейшым пісьменнікам запавет абараняць чалавечае ў чалавеку, клапаціцца, каб людзі паважалі адзін аднаго, захоўвалі гармонію ўзаемаадносін з грамадствам, у сям’і, думалі пра вечнае, прытрымліваліся агульначалавечых каштоўнасцей, нястомна шукалі сваё трывожнае шчасце, а калі спатрэбіцца, здолелі ўтрымаць на цёплай далоні сэрцы пакрыўджаных — тых, каму балюча і адзінока на планеце Зямля.
Майстар вострага, напружанага сюжэта, нечаканых паваротаў канфлікту, І. Шамякін здолеў надаць буйным празаічным жанрам такія рысы, як займальнасць, дынамізм, хуткая змена падзей, і тым самым выклікаць большую ўвагу чытача, зацікавіць яго мастацтвам. Творчасць І. Шамякіна выхоўвае высокія патрыятычныя пачуцці моладзі, раскрывае сувязі лёсаў розных пакаленняў, заклікае дзяцей помніць запаветы бацькоў. Стыль мастака слова экспрэсіўны, маляўнічы і разам з тым просты і зразумелы чытачам.
Пісьменнік па-майстэрску спалучаў прыёмы эмацыянальна-пачуццёвага і філасофска-аналітычнага пісьма, уводзіў у палатно сваіх твораў элементы дэтэктыўнага жанру, дыдактычны і дакументальны пачаткі і тым самым дасягаў маштабнасці і шматграннасці адлюстравання падзей.