§ 5. Вугляводы

Функцыі вугляводаў. Пры разглядзе асноўных груп вугляводаў вы пазнаёміліся з найважнейшымі функцыямі, якія выконваюць гэтыя рэчывы ў жывой прыродзе. Больш падрабязная і сістэматызаваная інфармацыя пра біялагічную ролю вугляводаў дадзена ў табліцы  5.1.

Табліца 5.1. Асноўныя функцыі вугляводаў у жывых арганізмах

Функцыя

Тлумачэнне і прыклады

Энергетычная

Пад дзеяннем ферментаў здольныя расшчапляцца і акісляцца з вызваленнем энергіі. Гэтыя працэсы могуць адбывацца як з выкарыстаннем кіслароду (О2), так і без яго ўдзелу. Галоўнай крыніцай энергіі для клетак з’яўляецца глюкоза. Пры поўным акісленні 1 г вугляводаў да вады і вуглякіслага газу вылучаецца 17,6 кДж энергіі

Запасальная

Некаторыя поліцукрыды і дыцукрыды (напрыклад, цукроза) могуць назапашвацца ў арганізме ў якасці запасных пажыўных рэчываў. У раслін асноўным рэзервовым вугляводам з’яўляецца крухмал, у жывёл і грыбоў — глікаген. Пры неабходнасці гэтыя поліцукрыды расшчапляюцца да глюкозы — асноўнай крыніцы энергіі

Структурная

Прымаюць удзел у пабудове розных клетачных і пазаклетачных структур. Так, хіцін уваходзіць у састаў вонкавага покрыва членістаногіх і клетачнай сценкі грыбоў. Цэлюлоза — асноўны кампанент клетачнай сценкі раслін *(у яе састаў уваходзяць і іншыя вугляводы). Ва ўтварэнні клетачных сценак бактэрый галоўную ролю адыгрывае мурэін*

Метабалічная

Забяспечваюць працяканне працэсаў абмену рэчываў, служаць асновай для сінтэзу іншых злучэнняў.  *Так, ключавую ролю ў працэсе фотасінтэзу адыгрывае рыбулоза-1,5-дыфасфат, які звязвае СО2.* Так, монацукрыды і іх вытворныя неабходны для сінтэзу цэлага шэрага арганічных рэчываў: ды- і поліцукрыдаў, нуклеатыдаў, некаторых спіртоў і інш. Злучэнні, якія ўтвараюцца ў ходзе рас­шчаплення монацукрыдаў, выкарыстоўваюцца для ўтварэння малекул карбонавых кіслот, амінакіслот і г. д.

*Ахоўная

Поліцукрыды, якія складаюць аснову слізістых капсул бактэрыяьных клетак, засцерагаюць клеткі ад высыхання і дзеяння таксічных рэчываў. Ахоўную функцыю таксама выконваюць поліцукрыд каллоза і камедзі (смолы), якія выдзяляюцца раслінамі пры механічным пашкоджанні ці пранікненні інфекцыйных агентаў. Вязкія сакрэты, якія  выпрацоўваюцца рознымі залозамі і слізістымі абалонкамі ўнутраных органаў жывёл, багатыя на вугляводы і іх вытворныя. Яны засцерагаюць сценкі полых органаў ад пашкоджання і ўкаранення мікраарганізмаў*