§ 22. Фотасінтэтычныя пігменты. Светлавая фаза фотасінтэзу
Выдзяленне з лістоў фотасінтэтычных пігментаў і вывучэнне іх уласцівасцей
Заданне рэкамендуецца выконваць у школе. Будзьце асцярожныя пры рабоце з рэактывамі і награвальнымі прыборамі, выконвайце правілы тэхнікі бяспекі!
I. Вылучэнне фотасінтэтычных пігментаў
- Зялёныя лісты расліны здрабніце з дапамогай нажніц (лепш выкарыстоўваць участкі ліставых пласцінак, што не змяшчаюць буйных жылак).
- Невялікую колькасць здробненых лістоў (каля 1 г) змясціце ў фарфоравую ступку. Дабаўце туды крыху мелу, кварцавага пяску (можна замяніць звычайным пяском) і прыкладна 5 мл этылавага спірту.
- Старанна разатрыце сумесь песцікам.
- Пасля гэтага дабаўце ў ступку яшчэ каля 5—10 мл этанолу, добра перамяшайце змесціва і прафільтруйце яго.
Атрыманы раствор уяўляе сабой спіртавую выцяжку фотасінтэтычных пігментаў — хларафілаў і каратыноідаў. Зялёны колер раствору абумоўлены тым, што хларафілы, якія змяшчаюцца ў лістах у вялікай колькасці, «маскіруюць» каратыноіды, што маюць жоўтую і аранжавую (радзей чырвоную ці іншую) афарбоўку.
Адрозніваюць два тыпы караціноідаў — караціны і ксантафілы. Караціны — непалярныя злучэнні. У склад малекул ксантафілаў уваходзяць палярныя групы.
● Як вы думаеце, для чаго пры выдзяленні пігментаў у ступку са здробненымі лістамі дабаўляўся пясок?
● Навошта дабаўляўся мел?
II. Раздзяленне пігментаў па метадзе Краўса
- Наліце ў прабірку 3—4 мл спіртавой выцяжкі пігментаў.
- Дабаўце 5—7 мл бензіну (ці петралейнага эфіру) і 2—3 кроплі вады для таго, каб спіртавая фаза лягчэй аддзялялася ад бензінавай.
- Прабірку закрыйце коркам, некалькі разоў інтэнсіўна страсяніце, потым дайце змесціву адстаяцца на працягу некалькіх мінут.
Адбываецца раздзяленне сумесі на 2 слоі: верхні (больш лёгкі) — бензінавы — і ніжні — спіртавы (мал. 22.5). Бензінавы слоі афарбаваны ў зялёны колер, ён змяшчае хларафілы і караціны. Спіртавы слой мае жоўтую (ці жоўта-аранжавую) афарбоўку, тут змяшчаюцца ксантафілы. Калі раздзяленне будзе недастаткова выразным, дабаўце 1—2 кроплі вады, узбоўтайце і паўтарыце адстойванне.
●Вядома, што хларафілы ўяўляюць сабой складаныя эфіры гідрафільнай хлорафілінавай кіслаты і двух спіртоў — метанолу (СН3ОН) і фітолу (С20Н39ОН). Як вы думаеце, які з гэтых структурных кампанентаў (і чаму менавіта ён) абумоўлівае растварэнне хларафілаў у бензіне?
● З прычыны чаго адбыўся падзел караціноідаў?
● Чаму ксантафілы апынуліся ў спіртавым слоі, а караціны — у бензінавым?
III. Дзеянне шчолачы на хларафіл
- У прабірку з пігментамі, падзеленымі па метадзе Краўса, дабаўце адну гранулу NaOH (або КОН).
- Закрыйце прабірку коркам, узбоўтайце да растварэння шчолачы і дайце адстояцца.
- Пад дзеяннем шчолачы адбываецца амыленне хларафілу — адшчапленне рэшткаў спіртоў і ўтварэнне солі хлорафілінавай кіслаты. З прычыны гэтага хларафіл губляе здольнасць растварацца ў бензіне і пераходзіць у ніжні (спіртавы) слой. Караціны і ксантафілы не рэагуюць са шчолаччу.
- Пасля адстойвання звярніце ўвагу на змяненне колеру слаёў.
Калі грануляванай шчолачы няма, дослед можна правесці наступным чынам.
- Наліце ў прабірку 2—3 мл спіртавога раствору пігментаў, дабаўце 1—2 мл раствору NaOH (ці KOH), 2 мл бензіну (петралейнага эфіру) і 1—2 кроплі вады.
- Закрыйце прабірку коркам, добра перамяшайце змесціва і дайце яму адстояцца.
● Якую афарбоўку мае бензінавы слой? Якія пігменты ён змяшчае?
● Які колер набыў спіртавы слой? Чаму? Што ў ім змяшчаецца?
IV. Дзеяннне кіслаты на хларафіл і аднаўленне афарбоўкі
У склад малекулы хларафілу ўваходзіць іон Mg2+. Пад дзеяннем кіслот ён замяшчаецца двума пратонамі (Н+) і ўтвараецца рэчыва бурага колеру — феафітын. Калі падзейнічаць на феафітын солямі медзі ці цынку, можна аднавіць зялёную афарбоўку пігменту дзякуючы замяшчэнню пратонаў іонамі гэтых металаў (атрыманая афарбоўка будзе крыху адрознівацца ад зыходнага колеру хларафілу).
- У тры прабіркі наліце па 3—5 мл спіртавой выцяжкі пігментаў.
- Адну з іх пакіньце для параўнання, а ў дзве другія дабаўце некалькі кропель 10%-га раствору HCl. Зялёная афарбоўка змяняецца на бурую ў сувязі з утварэннем феафітыну.
- Потым у адну з прабірак з феафітынам дабаўце некалькі крышталяў ацэтату медзі ці цынку (або некалькі кропель насычанага раствору гэтай солі).
- Нагрэйце прабірку на вадзяной лазні, звярніце ўвагу на паступовае аднаўленне зялёнай афарбоўкі. Калі колер раствору не змяняецца, дабаўце ў прабірку яшчэ крыху ацэтату медзі (цынку) і працягвайце награваць.
● Ярка-зялёная агародніна лічыцца больш прывабнай, чым бурая. Аднак у працэсе гатавання яна нярэдка змяняе зыходную зялёную афарбоўку на менш апетытную. Успомніце, напрыклад, які колер мае адваранае шчаўе ці тэрмічна апрацаваная зялёная цыбуля. З чым звязана змяненне зялёнай афарбоўкі агародніны на бурую?
● Як вы думаеце, што можна зрабіць для захавання ярка-зялёнага колеру агародніны? Улічыце, што дабаўляць у ежу солі медзі, цынку ці іншых цяжкіх металаў недапушчальна — яны таксічныя для арганізма!